Пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў адклікаецца з ЗША для кансультацый у сувязі з увядзеннем дадатковых эканамічных санкцый у дачыненні да канцэрна »Белнафтахім».

Пра гэта заявіў 7 сакавіка на брыфінгу ў Мінску прэс‑сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.

Ён таксама зазначыў, што «паслу ЗША настойліва рэкамендуецца пакінуць Мінск з той жа мэтай».

Як паведамлялася ўчора, у часе тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна: «Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін абмеркавалі таксама стан і пэрспэктывы разьвіцьця адносінаў Беларусі з асобнымі заходнімі дзяржавамі».

Гэта зьвярнула на сябе ўвагу, бо сувэрэнныя дзяржавы абмяркоўваюць з кіраўнікамі суседніх дзяржаваў свае дачыненьні з трэцімі краінамі крайне рэдка.

Мікола Бугай; інф. БелаПАН

***

Памочнік прэс-аташэ амэрыканскага пасольства Алесь Круглякоў паведаміў, што амбасада пакуль адмаўляецца рабіць афіцыйныя камэнтары на гэты конт. Спаслаўшыся на тое, што працоўны дзень ужо скончаны і ўсе паперы знаходзяцца ў пасольстве, сп. Круглякоў ня змог больш падрабязна распавесьці пра новыя санкцыі супраць "Белнафтахіму", зазначыўшы, што нейкія афіцыйныя заявы зьявяцца пасьля выходных.

ЗП

***

Заява Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у сувязі з увядзеннем Злучанымі Штатамі Амерыкі дадатковых абмежавальных мер эканамічнага характару ў дачыненні прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім»:

‑ На працягу досыць працяглага часу Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі з нашымі заходнімі партнёрамі, быў распачаты цэлы шэраг паслядоўных і канструктыўных крокаў у мэтах нармалізацыі адносін з Еўрапейскім Саюзам і ЗША.

Тым не менш, адзін з удзельнікаў дыялогу — Злучаныя Штаты Амерыкі, праігнараваўшы раней дасягнутыя дамоўленасці, парушылі ўзгоднены алгарытм дзеянняў па нармалізацыі адносін і ўвялі дадатковыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім».

Беларускі бок заяўляе, што крокі Беларусі ў адказ будуць насіць цвёрды характар. Пра змест гэтых крокаў амерыканскі бок быў раней апавешчаны. Адным з такіх крокаў з’яўляецца адкліканне ў Мінск для кансультацый амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова. Адначасова ўрад Беларусі настойліва прапаноўвае амбасадару Злучаных Штатаў Амерыкі ў Мінску Карэн Сцюарт пакінуць нашу краіну з той жа мэтай.

У заяве таксама падкрэсліваецца, што, паводле Хельсінскага заключнага акта, ЗША, як і іншыя дзяржавы‑удзельнікі АБСЕ, маюць на сабе абавязальніцтвы «пры ўсіх акалічнасцях устрымоўвацца ад любога акту эканамічнага прымусу, накіраванага на падпарадкаванне сваім уласным інтарэсам ажыццяўлення іншай дзяржавай‑удзельнікам правоў, уласцівых яе суверэнітэту».

‑ Змушаныя зноў канстатаваць, што АБСЕ, якая павінна быць эфектыўнай прыладай абароны правоў і інтарэсаў сваіх дзяржаў‑удзельнікаў, у гэтай сітуацыі не выконвае свой непасрэдны мандат і не рэагуе на грубае парушэнне амерыканскай адміністрацыяй асноватворных прынцыпаў Арганізацыі.

Беларусь патрабуе ад АБСЕ неадкладных дзеянняў для эфектыўнага забеспячэння выканання гэтай дзяржавай‑удзельнікам асноватворных прынцыпаў Арганізацыі і сваіх міжнародных абавязальніцтваў.

Калі гэтага не адбудзецца, мы будзем змушаныя сур’ёзна задумацца над тым, як нам варта ў далейшым выбудоўваць адносіны з дадзенай Арганізацыяй.

Цытуецца паводле Радыё Рацыя

***

13 лістапада, адміністрацыя Джорджа Буша замарозіла рахункі беларускага дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім». Нагодай для замарожваньня рахункаў амэрыканскія ўлады назвалі тое, што канцэрн кантралюецца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША датычаць усіх прадстаўніцтваў «Белнафтахіму» ў Нямеччыне, Украіне, Латвіі, Расеі ды Кітаі, а таксама даччынага падразьдзяленьня канцэрну Belneftekhim USA. Санкцыі прадугледжваюць замарожваньне ўсіх рахункаў «Белнафтахіму» на тэрыторыі ЗША і забарону для амэрыканскіх прадпрыемстваў на супрацоўніцтва з канцэрнам і яго даччынымі прадпрыемствамі.

У той самы дзень прэс‑сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў заявіў: «Ва ўмовах недружалюбных дзеяньняў з боку ЗША Беларусь будзе вымушана адэкватна рэагаваць».

Напрыканцы мінулага году кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка таксама пракамэнтаваў эканамічныя санкцыі ЗША супраць Беларусі: «Як толькі гэта значна закране нашу эканоміку, то першы, хто будзе адсюль вышпурнуты, гэта пасол Злучаных Штатаў Амэрыкі. Я кажу пра гэта публічна. Таму хай амэрыканскі пасол супакоіцца і займаецца сваімі праблемамі, бо датэрмінова можа пакінуць сваю пасаду ў Беларусі», —заявіў беларускі прэзідэнт у адказ на словы кіраўнічкі амерыканскай дыпмісіі Карэн Сцюарт наконт таго, што санкцыі ў дачыненьні да Беларусі могуць быць пашыраныя.

Літаральна за тыдзень да адкліканьня з Вашынгтону сп.Хвастова міністар замежным спраў Сяргей Мартынаў заявіў, санкцыі ЭС і ЗША сталі прычынаю складанасьцяў у беларускай эканоміцы.

ЗП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0