Якой бы прывабнай ні была ідэя, што беларусы — гэта славянізаваныя балты, але яна не з’яўляецца праўдай. Калі адкінуць усе байкі і фантазіі, то гэтая тэорыя трымаецца на двух сапраўды неаспрэчных фактах:

1) да прыходу славян на поўнач ад Прыпяці пражывалі балты (пра што сведчаць дадзеныя археалогіі і гідранімікі);

2) у паўночна-заходніх дыялектах беларускай мовы налічвалася больш за 200 балтызмаў.

Але калі разгледзець уважліва, то гэтыя факты не з'яўляюцца доказам таго, што сучасныя беларусы — балты па паходжанні. Амаль усе сучасныя народы жывуць на землях, якія раней насяляў які-небудзь іншы люд. На месцы чэхаў раней жылі кельты, але чэхі не нашчадкі кельтаў, на месцы японцаў — айны, але японцы не нашчадкі айнаў і г.д.

Землі сучаснай Беларусі з прычыны прыродных умоў былі заўсёды слаба заселены. У V ст. тэрыторыю на поўдзень ад Прыпяці займалі славяне, а ў VII—VIII стст. яны занялі тэрыторыю цэнтральнай і паўночнай Беларусі. Якім чынам гэта ім удалося?

Спаленыя гарадзішчы балтаў якраз гэтага перыяду сведчаць, што, прасоўваючыся ўглыб балцкай тэрыторыі, славяне знішчалі сваіх нешматлікіх праціўнікаў. Безумоўна, нейкая частка балтаў засталася жыць на сваіх тэрыторыях (яны перадалі славянам свае назвы рэк і азёр), але іх працэнт адносна перасяленцаў-славян павінен быў быць мізэрны, калі яны асіміляваліся славянамі. Бо калі нават цяпер, пад магутным уздзеяннем СМІ, не вельмі лёгка адбываецца асіміляцыя нацыянальных меншасцяў, то як маглі асімілявацца народы ў Сярэднявеччы, пры панаванні натуральнай гаспадаркі і пры лясным характары тэрыторыі сучаснай Беларусі? Гэта славянізацыя магла адбыцца толькі пры наяўнасці маленькіх выспачак балтаў пасярод суцэльнай масы славянскага насельніцтва. А там, дзе балцкі арэал быў з некалькіх вёсак, ён мог захоўвацца стагоддзямі, нават аточаны шматлікімі славянскімі вёскамі, пра што сведчаць прыклады Дзевянішак і Рымдзюнаў. Дарэчы, нават адна балцкая вёска ў асяроддзі славян доўгі час, нават і даўно страціўшы ўласную гаворку, захоўвала выразны антаганізм з жыхарамі суседніх вёсак.

Балтызмы ў беларускіх гаворках на паўночным захадзе Беларусі не сведчаць, што мясцовыя жыхары — балты.

Гэта сведчыць пра ўзаемны ўплыў насельніцтва на працягу стагоддзяў сумеснага пражывання ў межах адной дзяржавы. Таму чым далей ад памежжа з Літвой, тым менш балтызмаў, а чым бліжэй, тым іх больш. Гэтаксама і ў дыялектах літоўскай мовы была вялікая колькасць беларусізмаў. Напрыклад, у паэзіі Данелайціса, які пісаў у XVIII ст. і жыў на значнай адлегласці ад Беларусі. (Потым, у ХІХ—ХХ ст., літоўскія дзеячы выкідвалі беларусізмы і паланізмы з літаратурнай літоўскай мовы, замяняючы іх навастворанымі словамі.)

Генетычныя даследаванні паказваюць, што беларусы амаль чыстыя славяне. Выключэннем хіба можа быць раён каля Ліды і Воранава, дзе большы працэнт балцкага субстрату.

Даследчыкі яшчэ ХІХ ст. адзначалі антрапалагічную розніцу паміж беларусамі і ліцвякамі (літоўцамі). Я гэта магу пацвердзіць уласнымі назіраннямі. Віленшчына яшчэ з’яўляецца безумоўна беларускай. Кантраст даволі рэзкі паміж высокімі, светлавалосымі, з правільнымі рысамі твару ліцвякамі і ніжэйшымі і больш цёмнымі беларусамі (у т.л. з Віленшчыны). Гэта ж заўважна і ў менталітэце.

Цікава, што гэта заўважаў і Уладзіслаў Сыракомля. (Цытую паводле другога тома «Wycieczki po Litwie», 1860. У збор твораў на беларускай мове гэты тэкст не ўключалі.)

Дык вось, кіруючыся на паўночны захад ад Вільні, у бок Коўны (Каўнаса), прамінуўшы Дукшты, Сыракомля пераехаў этнічную мяжу паміж беларусамі (у арыгінале «Rusiny») і ліцвякамі (у арыгінале па-польску «Litwiny)» і зрабіў параўнаўчы аналіз гэтых народаў.

«Праз гэтую вёску (Айраны) праходзіць мяжа плямёнаў і мовы беларусаў і Літвы. Сціраецца, але яшчэ даволі выразная розніца не толькі ў мове, але і ў адзенні і звычаях…

Селянін-ліцвяк — высокі, з доўгай шыяй, бялявы або русы (ніколі чарнявы), вочы мае блакітныя, колер скуры — белы. Беларус мае сярэдні рост, шырокія плечы, шыю кароткую і тоўстую, вусы і бараду цёмна- або светла-жоўтыя, колер скуры — смуглы.

Знадворнасць і сярэдзіна хатаў аднаго і другога племені не здаецца рознай між сабою, хіба толькі трохі большая ахайнасць у ліцвякоў… Адносна заможнасці ў абодвух плямёнаў — нястача.

Затое ў харчаванні і напоях абодва племені знаходзяць відавочную традыцыйную розніцу; ліцвяк любіць харчаванне тлустае… Беларус ахвотна спажывае мучное, кашы, бліны… п’е хатні квас з жытняй мукі або лясных яблыкаў і занадта захапляецца няшчаснай гарэлкай, тады як ліцвяк аддае перавагу мёду, піву хатняга вырабу і захапляецца «крупнікам»…

Ліцвяк не любіць вучыць не сваю мову, а калі на ёй гаворыць, робіць гэта неахвотна.

Беларус больш здольны да рамёстваў, а ліцвяк лепшы земляроб і стралок.

Ліцвяк больш любіць жыццё хатняе, беларус — публічнае, местачковае, карчомнае, разгульнае.

Беларус больш шчодры, ліцвяк больш скупы і абачлівы на заўтра; беларус адкрыты, ліцвяк закрыты, беларус лягчэй успыхвае, але адразу ж забывае знявагу, ліцвяк лагодны, але помслівы, няскора выбачае. Адносна павагі да чужой уласнасці ліцвяк вышэй стаіць за беларуса.

Ліцвяк лічыць беларуса за менш маральнага, беларус высмейвае ліцвяка, бо лічыць яго менш цывілізаваным».

Абвінаваціць аўтара ў прадузятасці нельга: ён ведаў добра Беларусь і Літву, доўгі час жыў у Нясвіжы, працуючы ў архіве Радзівілаў. Вельмі любіў беларускую мову і напісаў на ёй некалькі вершаў, доўгі час пражыў на Віленшчыне, дзе пражывалі і беларусы, і ліцвякі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?