Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

* * *

— Ім ета ўжо не трэба, — апраўдвалася васьмідзесяцігадовая старая, употайкі цягнучы плужок з чужога двара. За два месяцы да ўласнага скону.

* * *

З гутаркі дзвюх пенсіянерак па дарозе з лецішча:

— І ўсё гэтым бабам трэба, было б чатыры рукі — яшчэ б дзве торбы ўзяла б!

— Каторым жа нічога не трэба, дзень на лаўцы сядзяць.

— А паглядзіш — жывем адзінакава.

* * *

Пасажыр аўтобуса Бабруйск — Глуша нечакана звяртаецца да незнаёмага спадарожніка:

— Мужык, а мужык, ты не з Дойнічава будзеш? Дужа ж морда мне твая знаёмая!

— Ну, з тых краёў.

— А ты Шная не ведаеш?

— Каторага? Што ў канцы вуліцы жыве?

— А ты часам не сваяк яму? Дужа ж морда мне твая знаёмая!

* * *

Вясковая цётка распавядае гарадской сваячцы аб прыгодах мясцовага блазна:

— Гэта ж заўчора рабіў у мяне дурны Пятрок, гной з хлява выкідаў. Ну, я з ім самагонкай разлічылася, шчэ й грошай трохі дала. Дык ён паўлітру выжлукціў, пасля сеў на веласіпед і паехаў не дадому ў Станы, а ў Дзераўную, дзе калісьці іхняя хата стаяла. Зарыўся ў стозе саломы, так і праспаў да рання.

— Чаго ж яго ў тую Дзераўную панесла? — дзівіцца сваячка.

— Бо тамака яго бацькаўшчына! — упэўнена адказвае цётка, пазіраючы на сваю суразмоўцу бы на неразумнае малое.

* * *

У аўтобусе перад адпраўкай усчалася сварка між кандуктарам і пасажырам. Пасажыр патрабуе даць білет, а кандуктар пасылае яго да аўтакасы.

— Нет, нет ідіте за білетом, кондуктор абсолютно права! — заступаецца за кандуктара дамачка ў брылі, аматарка лезці не ў свае справы, і адразу атрымлівае нечаканы адлуп.

— Мадонна, панімаіш, шапку надзела! Даў табе Бог зад — вось і сядзі!

* * *

Суседзі размаўляюць на вуліцы:

— Прадаў бы ты гэтую хату, усё адно ездіць сюды не будзеш, — раіць першы.

— Радзіма не прадаецца! — не пагаджаецца другі.

— Яна зарастае травой і гніе! — чуецца бязлітасная выснова аднекуль збоку.

* * *

У аўтобус Бабруйск—Глуск уваходзяць два пажылыя пасажыры.

Адзін пацвельваецца з другога:

— Што плечы расправіў? Мо жанчыну ўбачыў?

Ягоны суразмоўца ў адказ толькі скрушліва махае рукой:

— Ат,перагарэла ўсё!

— Ну, нос жа чырвоны! — не супакойваецца першы.

— Такі, як і ў цябе! — не здаецца другі.

— Які не Панцялей, а ля жанчыны весялей!

— А ты, Сцяпан, усё такі ж, смешачкі строіш! — далучаецца да размовы бабуля.

— Я вас нешта не пазнаю.

— Дык мо на бацькаўшчыну з’ездзім? — пытае неспадзяваная зямлячка.

— А, Галя! З твару дык пазнаў, а так дык не. Насця шчэ жывая?

— Жывая.

— А Мішка і брат яго, што ў міліцыі рабілі?

— Жывыя.

— Такі ж тарбахват Мішка, а брат яго дык зусім заўзятар.

— Хто?

— Ну, заўзятар — за ўзяткі яго пасадзілі!

Як песню слухаю…

* * *

— Я з сабою заўсягды валідол важу, — кажа бабуля, адшукаўшы ў сваёй сумцы лекі для выпадковай спадарожніцы.

— Што, старая, памерці баішся? Выйдзеш з аўтобуса, а яна цябе касою — шах!

— А ў мяне ногі кароткія — падскочу!

* * *

Аўтобус Бабруйск — Глуск праязджае прыпынак каля вёскі Пятровічы, славуты аграсядзібай непадалёку з прыватным заасадам. Не пабачыўшы людзей на прыпынку, кіроўца едзе далей.

— Эй, Пятровічы! — гукае на ўвесь аўтобус пасажыр.

Кіроўца ці то не чуе, ці то не звяртае ўвагі.

— Горад-герой Пятровічы! — раве дзядзька яшчэ мацней.

Кіроўца неахвотна прытармажвае.

— Пасяціце, пажалуста, наш заасад! — агітуе задаволены пасажыр, знарок павольна пакідаючы аўтобус.

— Не, спасібачкі, пасяцілі ўжо, — бурчыць кіроўца.

* * *

Сямейная пара, відавочна, прафесійныя зборшчыкі ягад і аматары пладова-выгадных напояў, падпірае заднія дзверы аўтобуса вёдрамі чарніцаў.

— Вы выходзіце? — пытаецца дамачка інтэлігентнага выгляду.

— Прапусцім, — адказвае мужчына, зухавата ўсміхаецца, паказвае рукой на жонку: — Я яе ў акно выкіну!

— Як можна? Гэта ж маці вашых дзяцей! — абураецца дамачка.

— Гы-гы-гы, дык яны ўжо выраслі! — аджартоўваецца джэнтэльмен.

* * *

Аўтобус ледзьве паўзе па бальшаку, спыняючыся ля кожнага слупа. Усю заднюю пляцоўку займаюць дзве кабеты цяжкой вагі і мажны хлапчук гадоў дванаццаці. На адным з прыпынкаў яны выходзяць.

Аўтобус памчаў як на крылах.

— Конь адразу так папёр, дзе ўзяліся ногі! — на ўвесь салон цытуе памятныя са школы радкі кабета збоку.

— Тая ж баба — сем пудоў сама мала важыць, — падхоплівае яшчэ нехта.

Хаця адзін радок Кандрата Крапівы ўзгадаў ледзь не кожны з пасажыраў. У аўтобусе ехалі людзі пенсійнага і перадпенсійнага веку.

* * *

Закон бумеранга.

Мясцовага апівоху сабутэльніца паклікала на дзень нараджэння. Пляшкі ў падарунак не было. Нарваў кветак у суседскім гародчыку. Праз месяц вырашыў правіць уласны дзень народзінаў. З’явіліся грошы. Хапіла на пяць пляшак. Толькі гульнуць як след не ўдалося. Набегла паўсельсавета. Усе з кветкамі!

* * *

Вярнуўся багаты дзядзька з замежнага курорта. Склікаў усіх сваякоў. Паказвае, выхваляючыся, фотаздымкі:

— Гэта — я ў рэстаране. Гэта — я на пляжы, віно персікамі закусваю. Гэта — за сталом, у госці нас запрасілі!

Няўдзячны пляменнік не падзяляе захаплення:

— Дзядзька, ты што, кабан? На кожнай фатаграфіі жарэш!

***

Таццяна Барысік, пісьменніца, лаўрэатка другой прэміі Гедройца (2015). Жыве ў Магілёве, працуе аператаркай па ачыстцы сцёкавых водаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?