«Наша Ніва»: Спадар Алег, Вы і музыка, і выкладчык, і вядучы, і шмат хто яшчэ… А як Вы самі сябе характарызуеце?

Алег Хаменка: Я?.. Я культуртрэгер. Беларускі культуртрэгер. Жартую, канечне, але на тое падобна.

«НН»: А якія з Вашых шматлікіх заняткаў асноўныя на сённяшні дзень?

АХ: Музыка і прадзюсаванне. Праўда, паняцце «прадзюсар» сёння дэвальвавана: адразу ўяўляецца чалавек, у якога невядома адкуль процьма грошай, а каля яго тусуюцца дзяўчаты і падносяць яму цыгарэты і каву… Але ж гэта не тое. Кампазітар альбо музыка, які дае першы штуршок нараджэнню музыкі ці праекта, творца і вытворца адначасова — гэта і ёсць прадзюсар.

Навошта «Ферары», калі няма асфальту

«НН»: Тады як музычны вытворца патлумачце, калі ласка, ці можна ў Беларусі зарабляць музыкай? Ці зарабляць у свеце беларускай музыкай?

АХ: Зарабляць можна. Але любая вытворчасць, у тым ліку і музыка, павінна быць у сістэмнай індустрыі. Каб ёй гандляваць, прадукцыя павінна адпавядаць шэрагу патрабаванняў і стандартаў. А у нас сувязі з сусветнай музычнай індустрыяй дрэнныя, па сутнасці, іх і няма. Прадукцыю замежнай індустрыі мы ўжываем і набываем, але самі не ўплываем на яе. Любыя нашыя тавары — песні, панчохі, МАЗы — яны павінны ўдзельнічаць у сусветнай сістэме. А сістэма — гэта, акрамя вытворчасці, яшчэ і інфраструктура распаўсюду, маркетынгу, абслугоўвання, фармавання спажывецкай прасторы. Гэтага няма. Зразумейце, у «Ферары» няма сэнсу, калі ў краіне няма асфальтавых дарог.

А да таго ж сёння і самае лепшае з цяжкасцю знаходзіць месца на рынку, а мы робім прадукцыю не самай высокай якасці. Нашыя тавары не адпавядаюць замежнаму рынку. Плюс мы не ведаем, як сябе прапанаваць, як прарэкламаваць наш канцэрт, не можам зразумець патрабаванні сусветныя, а яны не разумеюць нашыя. Яны проста не разумеюць, што гэта і навошта. Да таго ж паказаць нашае мысленне свету мы пакуль не здольныя, бо самі не разумеем уласныя думкі.

«НН»: А чаму?

АХ: Сувязяў няма. Павінна быць узаемнае пранікненне культур. Каб слухаць баварскія спевы, трэба ведаць, што такое Баварыя. І тое ж тычыцца Беларусі. Гэтую праблему трэба пераадольваць, але гэта доўгі працэс. І марудны. Існуе ж яшчэ такая, скажам так, «ксенафобія»: тыя ж немцы «баяцца» нас, а мы іх. А сёння гэта яшчэ і штучна накручваецца — супрацьстаянне і гэтак далей. Само сабой, мы прыйдзем да талерантнасці, але не сёння.

Сваё любім саромеючыся

«НН»: З сусветнай культурай ясна. Але чаму тады нашая музычная і іншая культурная «прадукцыя» не надта папулярная і ўнутры краіны?

АХ: Беларусь разадраная паміж Усходам і Захадам, паміж Рымскай Імперыяй і Залатой Ардой. Ментальнасць беларусаў фармавалася прыхаднямі на працягу двух стагоддзяў мінімум. Таму для нас любая з’ява, прынесеная звонку, аўтаматычна прыярытэтная. Мы сваё любім, але саромеючыся, нібыта трымаем «толькі для сябе на пасля». Так мы выхоўваліся.

Яшчэ такі момант: канкураваць у рэкламе нам цяжка, бо наша інфармацыйная прастора рэтранслюе вонкавую інфармацыю, а ўласны кантэнт ствараць не ўмее ды і засцерагаецца. Таму, напрыклад, расейскі поп-прадукт тут адчувае сябе больш упэўнена, чым наш. Нашыя СМІ — калька з расійскіх. Расійскія — калька з амерыканскіх. Любая калька прайграе таму, з чаго яна скапіявана.

Плюс асэнсаванне саміх сябе. У нас спытайце любога мінака з вышэйшай адукацыяй, якіх беларускіх мастакоў, харэографаў, рэжысёраў ён ведае? А якіх сучасных беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, філосафаў? Адкажуць нямногія. А немец пра сваіх адкажа, узгадае нават мясцовых, што жывуць непадалёк.

Мы ж нават у вобразах карыстаемся чужымі з’явамі. Напрыклад, кажуць: «Што такое беларускі гурт «Крама»?.. Гэта як расейскі гурт «Ва-Банкъ». Параўнанні магчымыя, але для мяне падобныя заявы — вычварэнства!

«НН»: А як гэта змяніць? Грошы трэба?

АХ: Хутчэй, культура і мова. Трэба змяніць лад жыцця. Стварыць уласны беларускі космас. Асэнсаваць, што незалежнасць — гэта каштоўнасць. Культурная незалежнасць з’яўляецца падмуркам устойлівай дзяржаўнасці. А пакуль у нас такога няма і ўсё хістаецца. «Дзякуй Богу, але мы ідзём дамоў», — спявае «Крама». Так, хочацца, каб гэты шлях быў пройдзены ўжо даўно, але што ж зробіш — час абраў нас.

Зацікавіць слесара

 «НН»: Дык а як «насадзіць» гэтае нацыянальнае мысленне? Як зацікавіць умоўнага слесара, які пасля працы глядзіць толькі расейскія навіны і серыялы?

АХ: Трэба сеяць, а не насаджваць. А той слесар свайго яшчэ нічога не бачыў і не зразумеў, што гэта — яго, а не «калгаснае». І трэба паказаць яму ягонае, беларускае, патлумачыць, чаму яно каштоўнае і цікавае. Звяртаць увагу кожны дзень, усімі сродкамі: паглядзіце, які круты беларускі спектакль, якія крутыя карціны, расказаць, колькі яны каштуюць. А потым ён падумае: «Ого, чотка! У нашым музеі ёсць карціна за двесці міліонаў долараў! Вот бы сперэць! Ну ці хаця бы паглядзець, што за ана такая!» Расказваць трэба пра ўсё сваё: і пра Лошыцкі парк, і пра сталіцу агуркоў — бо ўсё яно вартае. І спачатку чалавек будзе ведаць, а потым пачне і ганарыцца.

Важна яшчэ звярнуць увагу нарэшце на святы. Напрыклад, у нас сёння два Раствы, «польскае» і «рускае», Пасха — «польская» і «руская». А трэба, каб былі нашы, беларускія, Каляды, Вялікдзень. І каб расказалі і вядомыя папулярныя людзі, і святары, што гэта, калі адзначаецца, як і чаму. Штосьці народ адкіне, канечне, але штосьці і застанецца.

«НН»: Але ж гэтая мэтаскіраваная беларусізацыя павінна насаджацца дзяржавай? Загадамі? Ці Вы лічыце, што яна паступова сама прарасце?

АХ: Любая дзяржава падтрымліваецца нацыянальнай культурай. Важна, каб гэта нацыянальная культура была гатовая талерантна прымаць вонкавыя ўплывы тых, хто гатовы яе ўспрымаць, паважаць, узмацняць. І дзяржава павінна рабіць усё для гэтай культуры. Але ж мы жывём яшчэ ў постсавецкім грамадстве. Нацыянальнае будаванне толькі ідзе. І каб нашая дзяржава і нашая нацыя працягнула існаванне, трэба, каб асэнсавана падкрэсліваліся рэчы, звязаныя з нацыянальнай спадчынай. Бо калі гэтага не зрабіць, не аб’яднаць культурай, то такая дзяржава праіснуе вельмі нядоўга і пры гэтым толькі як хунта, як дыктатура, як грамадства звышідэі, накшталт гітлераўскай Германіі.

«НН»: Дык а што робіць дзяржава? Вось Вы член Рэспубліканскай рады па справах культуры і мастацтва. Што гэта за рада? Навошта яна?

АХ: Падобныя арганізацыі існуюць амаль ва ўсіх краінах свету. Часцей за ўсё яны ствараюцца пры прэзідэнцкай пасадзе і займаюцца праблемамі маралі, культурнай палітыкі. У нас такая рада была створана пры Радзе міністраў. Мяне туды запрасілі, і я не адмовіў, бо там было нямала глыбокапаважаных мною асоб. Да таго ж хацеў даведацца, як гэта працуе, пабачыць усё на ўласныя вочы. Па сутнасці, стварэнне такой рады было правільнай ініцыятывай, але не абышлося без своеасаблівасцяў. Ці працавала рада ў гэтым і ў мінулым годзе, я, па шчырасці, і не ведаю.

Тым больш генератарам рады быў Латушка. Сёння ён у Францыі. А ці патрэбная гэтая справа тым бонзам, якія засталіся…

«НН»: Ясна. А з чым Беларусь асацыюецца сёння за мяжой? Ведаюць хоць нешта з нашай культуры?

АХ: За мяжой пра нас ведаюць асноўныя тры рэчы: Мінск, БАТЭ, Лукашэнка. Некаторыя ўзгадваюць і дранікі, і тыя ж МАЗы. Спартоўцаў яшчэ ведаюць: Герасіменя, Домрачава, Азаранка. І практычна ўсё. Ганьба, канечне, але што ж… Цікава, дарэчы, што зуброў і буслоў успрымаюць як польскія сімвалы, а не нашы.

«НН»: Выходзіць, ведаюць, што Беларусь — гэта спорт, машыны і нязменны кіраўнік?

АХ: Ну, гісторыю нашую пакуль ніхто не ведае… Мы не змагаліся за нашыя легенды і паданні, і іх расцягнулі суседзі. Выходзіць, што больш-менш вядомая Беларусь пачынаецца з другой паловы ХХ стагоддзя. Многія лічаць, што мы такі запаведнік СССР, і калі хочацца паглядзець, як было б у «добрым Савецкім Саюзе», — едуць да нас.

«НН»: Апошняе пытанне, з культуры — у палітыку. Сёлетнія выбары цікавыя Вам? За каго аддасцё голас?

АХ: На мой погляд, выбараў у нас пакуль што няма. Як і ў крамах — стаіць «усякага-ўсялякага», а таго, што трэба, няма. Мне шмат хто гаварыў: унізе робяць выгляд, што галасы лічаць, а ўверсе робяць выгляд, што плюсуюць атрыманае. Я, такі «Хама-нявернік», вырашыў сам паглядзець, і на мінулых выбарах зарэгістраваўся як грамадскі назіральнік. Пайшоў — паглядзеў. Вельмі расчараваўся тым, як і што адбываецца. Выбары, канечне, шматпавярховая з’ява. І на ўсіх паверхах там існуюць відавочныя магчымасці для карэкцыі вынікаў і фальсіфікацый. Таму ў сучасным фальклоры выбары называюць — «гола-суванне». Прызнаюся шчыра: прагаласаваць хочацца. Але я асабіста паспрабую сёлета ўстрымацца ад гэтага пачэснага абавязку. А ўсім, каму неабыякавая гэтая з’ява, прапаную зарэгістравацца і схадзіць у назіральнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?