Справа авечка Долі, першы ў свеце клон жывёлы. Адрозніць клон ад звычайнай жывёлы немагчыма. Фота: Reuters

Справа авечка Долі, першы ў свеце клон жывёлы. Адрозніць клон ад звычайнай жывёлы немагчыма. Фота: Reuters

Еўрапейскі парламент прагаласаваў за перманентную забарону кланіравання ўсіх сельскагаспадарчых жывёл і забарону ўвозу мяса, малака і іншых прадуктаў ад кланіраваных жывёл і іх нашчадкаў у ЕС, паведамляе Bllomberg.

Еўрапарламент прытрымліваецца палітыкі «лепей забараніць, чым потым шкадаваць» адносна бяспекі харчавання. Нацыянальныя ўрады ж могуць не прыняць нормы, зацверджаныя Еўрапарламентам, з эканамічных ці іншых нагод.

Законапраект у Еўрапарламенце падтрымалі 529 дэпутатаў, супраць прагаласавалі 120, яшчэ 57 устрымаліся. Галоўны аргумент супраць — недасканаласць тэхнікі кланіравання, высокая смяротнасць сярод кланіраваных жывёл.

Рашэнне Еўрапарламента канфліктуе з уласнымі законамі краін ЕС. Цяпер яно будзе разглядацца нацыянальнымі ўрадамі, якія могуць паспрабаваць ухіліцца ад жорсткіх норм. Так, у 2011-м нацыянальныя ўрады адмовілі прапанову Еўрапарламента па забароне продажу мяса нашчадкаў кланіраваных жывёл.

Ці небяспечнае мяса кланіраваных жывёл? Падобна, што не: паводле ўсіх даследаванняў яно ідэнтычнае звычайнаму мясу і не нясе рызыкі спажыўцу. Ды ад кланіравання церпяць самі жывёлы.

Хаця кланіраванне занадта дарагое, каб з яго дапамогай вырабляць мяса для рынку, яно цікавае разводчыкам: можна атрымаць канкрэтныя генетычныя мутацыі (напрыклад, больш мяса на костках) і ўкараніць іх у пародах жывёл. Вынік такі ж, як ад звычайнага вывядзення новых парод, толькі хутчэйшы.

На сённяшні дзень у Еўропе мяса кланіраваных жывёл магло апынуцца ў талерцы без ведама спажыўца, піша Deutsche Welle. Ніякай адмысловай маркіроўкі не патрабуецца. Ды наўрад ці спажывец пакаштуе мяса кланіраваных жывёл — то занадта дорага. Хутчэй на талеркі трапіць мяса нашчадкаў такіх жывёл. Доля рынку такога мяса невядомая, але яна мае быць дастаткова нізкай.

Кланіраваныя жывёлы часцей хварэюць, часцей нараджаюцца хворымі. Крытыкі кланіравання сцвярджаюць, што праблемы са здароўем маюць і сурагатныя матулі клонаў. Даследчыкі тым часам кажуць, што нашчадкі клонаў не маюць нейкіх спецыфічных праблем са здароўем.

Паводле апытанняў, самі еўрапейцы хутчэй выступяць за маркіраванне прадуктаў ад нашчадкаў клонаў, чым за поўную іх забарону.

У залежнасці ад рашэнняў нацыянальных урадаў, ініцыятыва Еўрапарламента можа скончыцца як забаронай, так і толькі маркіраваннем. Альбо нават захаваннем «статус-кво» на доўгі час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?