Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падпісаў Міланскую хартыю — важны дакумент у сферы сусветнай харчовай бяспекі, распрацаваны спецыяльна для «ЭКСПА-2015» у Мілане.

Кіраўнік беларускага ўрада пакінуў подпіс пад хартыяй у час наведвання нацыянальнага павільёна Італіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міланская хартыя, або «Хартыя-2015», — экспертна-навуковы дакумент па пытаннях харчовай бяспекі, справядлівага сацыяльнага і геаграфічнага размеркавання харчовых рэсурсаў, здаровага ладу жыцця і сучаснай медыцыны, якая прапанавана для адабрэння ўрадам усіх краін - удзельніц выстаўкі і прызначана ў далейшым стаць асновай для міжнародных намаганняў у гэтых напрамках.

Згодна з задумай арганізатараў, Міланская хартыя павінна стаць спадчынай «ЭКСПА-2015», якая можа быць своеасаблівым Кіёцкім пратаколам у галіне харчавання.

Пасля экскурсіі Андрэй Кабякоў правёў кароткія перагаворы з італьянскай дэлегацыяй.

Прэм'ер-міністр таксама пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей італьянскага павільёна. «Удзячны за цёплы прыём і выдатную арганізацыю экскурсіі па нацыянальным павільёне Італьянскай Рэспублікі на Сусветнай выстаўцы «ЭКСПА-2015». Экспазіцыя ўражвае сваёй яркай канцэптуальнай выразнасцю і цудоўным дызайнам. Прыемна яшчэ раз адзначыць блізкасць нашых краін, у тым ліку ў справе вырашэння глабальных праблем, з якімі сутыкаецца сёння чалавецтва. Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць яшчэ больш», — гаворыцца ў запісе.

9—10 верасня праходзіць візіт беларускай дэлегацыі ў Італію для ўдзелу ў Нацыянальным дні Беларусі на выстаўцы «ЭКСПА-2015» у Мілане. Узначальвае дэлегацыю прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Праграмай візіту прадугледжана правядзенне перагавораў з прадстаўніком урада Італіі, генеральным камісарам «ЭКСПА-2015», прэзідэнтам рэгіёна Ламбардыя. Акрамя таго, беларуская дэлегацыя плануе наведаць рэгіён Італіі П'емонт для правядзення перагавораў з прэзідэнтам рэгіёна, мэрам Турына і кіраўніцтвам адной з самых буйных у свеце аўтамабільных кампаній Fiat Chrysler Automobiles. Запланавана таксама правядзенне перагавораў з кіраўніцтвам канцэрна Finmeccanica на базе аднаго з яго падраздзяленняў — вядучага вытворцы верталётнай тэхнікі кампаніі AgustaWestland.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?