Такія «акцыі» праводзяцца рэгулярна не толькі ў спальных раёнах, але і ў раёне плошчы Перамогі, на вуліцы Казлова, фота minsknews.by

Такія «акцыі» праводзяцца рэгулярна не толькі ў спальных раёнах, але і ў раёне плошчы Перамогі, на вуліцы Казлова, фота minsknews.by

— Пры куплі трох рэчаў чацвёртая — у падарунак! — захаплялася знаёмая. — Цялячая скура, прапітка, далікатны выраб. Вытворчасць Аўстрыі і Румыніі. Каштуе капейкі!

Умовы акцыі здаліся прывабнымі: зніжкі 70%, падарункі. Захацелася кінуць усе справы і бегчы па танныя курткі. Эфект ўзмацняла і акцыя прадаўцоў, так званы відэлец цэнаў: старая — 5.700.000 рублёў — выкраслена, а побач паказаная новая — 2.300.000. Таннасць тлумачаць тым, што тавар мінулага сезону.

— Акцыя будзе доўжыцца ўсяго адзін дзень, — галасіла суседка, тыцкаючы пальцам у аб'яву: «На акцыю будзе адгружаная абмежаваная партыя скураных куртак і дублёнак. Прадаем па цэнах буйнога опту з санкт-пецярбургскага аптовага склада».

І мы пабеглі. Ля ўваходу ў гандлёвы цэнтр заўважылі велізарны рэкламны стэнд. Выстава разгарнулася проста ў холе будынка. На падыходзе да шэрагаў у нос ударыў пах хіміі.

Навобмацак куртка, што спадабалася, нагадвала цырату. Як з-пад зямлі вырас прадавец і прапанаваў падабраць фасон і памер.

Праз хвіліну, праўда, пераключыўся на іншага пакупніка — пенсіянерку, што разам з дачкой прымяралі вопратку. Прадавец запэўніваў, што акцыя праходзіць у рамках праграмы «без пасярэднікаў», а па прад'яўленні пенсійнага пасведчання будзе зніжка.

— Трэба браць, — падлічвала грошы пажылая мінчанка. — Возьмем і мужу, і сыну, бо чацвёртая куртка — у падарунак.

На ганку гандлёвага цэнтра курылі іншыя прадаўцы. Даведаўшыся, што перад імі журналіст, ажывіліся.

— Гэта ашуканцы, — прашаптала маладая жанчына ў уніформе. — Прадаюць курткі з таннага скуразамяняльніка.

Цана ім — 500 тысяч у кірмашовы дзень. Барахло, адным словам. Хоць продажы ідуць добра. Людзі ашалелі ад «нізкіх» коштаў, хапаюць усё і сертыфіката не пытаюцца. Чэкі выдаюць, але толку з іх, калі касавы апарат незарэгістраваны, ды яшчэ і спісаны?..

Па каментар мы звярнуліся да намесніка старшыні Мінскай гарадской арганізацыі абароны спажыўцоў ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» Віктара Пякарскага.

— Я таксама бываў на такой выставе, — сказаў Віктар Канстанцінавіч. — На мой погляд, гэта лахатрон. Пад выглядам скуры прадаюць заменнік незразумелага паходжання. Здзіўляе наіўнасць гараджан, якія ад слова «акцыя» губляюць галаву. Калі тавар акажацца няякасным, няма каму прэтэнзіі прад'яўляць. Ад касавага чэка няма ніякага толку, бо юрыдычны адрас у прадаўца адсутнічае.

Як высветлілася, распродажы куртак і дублёнак «з санкт-пецярбургскага аптовага склада» праходзяць у Мінску другі год запар. Вылічыць прадаўцоў цяжка: ніхто не ведае, дзе акцыя разгорнецца ў наступны раз. Спробы знайсці інфармацыю ў Інтэрнэце пра гэта таксама ні да чаго не прывялі.

— Такі тавар, як правіла, набываецца на аптовых рынках Масквы, — адзначыў Пякарскі. — Звычайна гэта танны няякасны шырспажыў. Натуральна, ні пра якую гарантыю на тавар гаворкі быць не можа. Тэарэтычна арганізаваць падобны распродаж няцяжка. Дастаткова ўзяць у арэнду невялікую плошчу ў гандлёвым цэнтры і правесці маштабную агіткампанію. Практыка паказвае, што ад зацікаўленых адбою не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?