У Беларусі можа пачацца зборка камерцыйных аўтамабіляў Iveko і легкавых — Fiat. Пра гэта ішла размова 10 верасня падчас наведвання прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым канцэрна Fiat Chrysler Automobiles у італьянскім Турыне. Кіраўнік беларускага ўрада правёў перамовы з кіраўніцтвам канцэрна і пазнаёміўся з вытворчасцю.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, прэм'ер-міністр, размаўляючы з кіраўніцтвам канцэрна, зазначыў, што Беларусь гатовая арганізаваць візіт дэлегацыі прадпрыемства ў Мінск для далейшага развіцця супрацоўніцтва.

«Бакі папярэдне дамовіліся аб рэалізацыі двух праектаў па зборцы легкавых і камерцыйных аўтамабіляў. Размова ішла пра камерцыйныя аўтамабілі Iveko, Fiat, легкавыя аўтамабілі. Першы крок — стварэнне буйнавузлавой зборкі ў 2016 годзе, у 2017—2018 гадах мяркуецца дасягнуць пэўнай лакалізацыі — 30-50%», — гаворыцца ў паведамленні.

У праектах з Fiat Chrysler Automobiles прадугледжвалася задзейнічаць пляцоўкі СП ЗАТ «Юнісон» (плануецца вырабляць 20 тыс. аўтамабіляў у год) і «БелаўтаМАЗа». Сума інвестыцый пакуль не называецца, абмяркоўваліся мадэлі і тэхнічная падтрымка.

На сустрэчы з кіраўніцтвам канцэрна таксама ішла размова аб стварэнні рабочай групы па распрацоўцы мемарандума аб супрацоўніцтве Беларусі і Fiat Chrysler Automobiles.

Fiat Chrysler Automobiles — найбуйнейшая аўтамабілебудаўнічая кампанія, заснаваная пасля зліцця канцэрна FIAT з амерыканскім Chrysler. Кампанія з'яўляецца сёмым па велічыні ў свеце аўтавытворцам. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Нідэрландах, фінансавы цэнтр — у Вялікабрытаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?