Ніколі яшчэ ў гісторыі Беларусі не былі такімі вялікімі штрафы ў лесе. Так, за шклянку бярозавага соку цяпер можна страціць аж 1,5 мільёна.

Пра веснавы ўзьлёт штрафаў паведаміў намесьнік міністра лясной гаспадаркі Юры Назараў:

— Па новым Адміністрацыйным кодэксе самавольная нарыхтоўка бярозавага соку лічыцца правапарушэньнем. Адносіцца да наўмыснай шкоды альбо зьнішчэньня дрэва. У ахоўваных лясах штраф для фізычнай асобы — ад 620 тысяч рублёў да 1,55 мільёна. Індывідуальным прадпрымальнікам — да 6,2 мільёна. У неахоўваных лясах штрафы для шарагоўца — ад 310 да 930 тысяч, а для ІП — ад 310 тысяч да 4,65 мільёна.

Я пацікавілася ў чыноўніка, ці застаецца хоць якая‑небудзь законная магчымасьць у вяскоўцаў, якія жывуць пры лесе, здабываць для сябе лекавы бярозавы сок?

— Для гэтага трэба абавязкова наведаць мясцовае лясьніцтва і даведацца пра спэцыяльна вызначаны ўчастак для нарыхтоўкі соку. Але і тут засечкі на дрэве мусіць пракантраляваць асабіста лясьнічы альбо майстар. Інакш зноў‑такі давядзецца плаціць штраф, — паведаміў Юры Назараў.

Няведаньне закону, як вядома, нікога не вызваляе ад адказнасьці. Першым штраф за 10 літраў бярозавага соку атрымаў жыхар вёскі Дзятлава, што ў Лунінецкім раёне на Берасьцейшчыне, Ігар Л.

Так званае ўпарадкаваньне дзейнасьці людзей у лесе прадугледжвае абмежаваньні нават для прыхільнікаў народнай мэдыцыны. Штрафаваць будуць сёлета за незаконны збор пупышак, іголак і галінак хвоі. Нават на гэтыя крыніцы вітамінаў давядзецца атрымліваць афіцыйныя дазволы ў лясгасах.

Паводле: Галіна Баравая, BulletinOnline.org

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0