Аляксандр Лукашэнка будуе фасадную дэмакратыю, і гэтаму нельга верыць, заявіў былы палітзняволены, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, выступаючы 13 верасня на 19-й штогадовай канферэнцыі «Форум 2000» у Празе. 

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Як паведамляецца на сайце spring96.org, у сваім выступленні Бяляцкі ўказаў на неабходнасць пашырэння Еўрасаюза на ўсход, а таксама раскрытыкаваў тактыку «няшчырай дэмакратыі» з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

«Менш як месяц таму ў Беларусі былі вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя. Рэжым адступіў — пасля націску еўрапейскай супольнасці, пасля пратэстаў у самой краіне — зрабіў паўкроку назад, — сказаў Бяляцкі. — Але гэта тактычная саступка, тактычная перамога. Праз месяц у Беларусі будуць праходзіць чарговыя прэзідэнцкія выбары, і Лукашэнка ідзе пяты раз на гэтыя выбары. І мы не сумняваемся, што выбары будуць сфальсіфікаваныя». 

Ён таксама нагадаў пра знешнія пагрозы для Беларусі. «Апошнія два гады мы назіраем, як развіваецца канфлікт паміж Расіяй і Украінай. Анексаваны Крым, ідзе практычна вайна на Данбасе. Расія працягвае нарошчваць імперыялізм, і ўзнікае пытанне: хто наступны?» — сказаў Бяляцкі. 

Сёлета ў «Форуме 2000» бяруць удзел больш за 150 дэлегатаў з дзясяткаў краін. Сярод ключавых тэм — магчымасці навучання дэмакратыі ў рэгіёнах, якія не маюць дэмакратычных традыцый, пытанні, звязаныя з бежанцамі і ісламскай дзяржавай, а таксама пра ролю эканамічнай адукаванасці ў дэмакратычных рэформах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?