14 верасня ў Гродзенскім абласным судзе пачаўся працэс па справе аб забойстве трох прадаўшчыц у Лідскім раёне. Родныя забітых просяць прыгаварыць абвінавачванага да смяротнай кары. 

Старшынствуе па справе — суддзя Анатоль Заяц. 

На лаве падсудных — 28-гадовы Іван Кулеш, ураджэнец Баранавіцкага раёна. Ён абвінавачваецца ў тым, што ў верасні 2013 года забіў дзвюх жанчын-прадаўцоў у Лідзе і выкраў з магазіна грошы і тавары больш як на 37 млн. рублёў (ч. 2 арт. 205; ч. 2 арт. 207; ч. 3 арт. 207; пп. 1, 6, 12 ч. 2 арт. 139; пп. 6, 8, 16 ч. 2 арт. 139; ч. 1 арт. 14; пп. 8, 16 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). 

Паводле версіі следства, Кулеш нанёс ахвярам шматлікія ўдары металічнай трубой. Абедзве жанчыны памерлі на месцы. Падсуднаму таксама выстаўленае абвінавачанне ў крадзяжы — ён вынес гідрапомпу з суседскага дома. 

У лістападзе 2014 года, паводле даных следства, падсудны забіў яшчэ аднаго прадаўца ў Лідскім раёне — ён нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і выкраў з магазіна грошы і тавары на суму больш як 8 млн. рублёў. 

Акрамя таго, Кулеш абвінавачваецца ў замаху на забойства сына прадаўшчыцы, які застаў яго ў магазіне. 

Родныя забітых лічаць, што вінаватага трэба прыгаварыць да выключнай меры пакарання — расстрэлу. 

Іван Кулеш раней двойчы быў асуджаны за крадзеж і разбой, а таксама заведама лжывы данос. На момант узяцця пад варту афіцыйна нідзе не працаваў. 

Падсудны адмовіўся ад паказанняў у судзе. Ён таксама адмовіўся адказаць на пытанне, ці прызнае ён сваю віну ва ўчыненых злачынствах. У сувязі з гэтым у судзе зачытаныя паказанні, якія абвінавачваны даў следству.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?