Пераглядаць нормы ўвозу алкаголю фізічнымі асобамі Беларусь у аднабаковым парадку ў рамках Мытнага саюза не мае права. Пра гэта заявіў 15 верасня на прэс-канферэнцыі старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько.

«Па алкагольнай прадукцыі пытанне трэба вырашаць комплексна ў сілу таго, што Беларусь у аднабаковым парадку не мае права прымаць рашэнні ў частцы абмежаванняў перамяшчэння фізічнымі асобамі падакцызных тавараў у выглядзе алкаголю і цыгарэт. Гэта рэгламентавана саюзнымі нормамі заканадаўства (Мытнага саюза. — БелаПАН.). Гэтыя пытанні неабходна вырашаць на наднацыянальным узроўні «, — растлумачыў Сянько.

Паводле яго слоў, пытанне ўвозу алкагольнай прадукцыі мытная служба трымае на пастаянным кантролі і абмяркоўвае з калегамі па Мытным саюзе ў залежнасці ад развіцця сітуацыі.

Чуткі пра магчымае абмежаванне Беларуссю ўвозу імпартнага алкаголю актывізаваліся пасля нарады ў Лукашэнкі па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі, якое адбылося 20 жніўня.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада навесці жорсткі парадак у гэтай сферы. Паводле яго слоў, кантрафактная прадукцыя з Расіі і іншых дзяржаў «задушыла краіну». «Хто перашкаджае ўраду абараніць уласны рынак?» — пацікавіўся Лукашэнка. «На жаль, урад паводзіць сябе вельмі нерашуча ў прыняцці мер па абароне ўнутранага рынку. Гэта нікуды не варта», — абурыўся Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?