Цырымонія гашэння серыі паштовых марак, прысвечаных баявой тэхніцы часоў Першай сусветнай вайны, прайшла ў Смаргоні.

Цырымонія адбылася ля мемарыяла памяці ахвяр Першай сусветнай вайны падчас мерапрыемстваў да 100-годдзю пачатку гераічнай абароны Смаргоні. У цырымоніі ўдзельнічала кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама, прадстаўнікі пасольства Расіі ў Беларусі, іншыя ганаровыя госці.

Серыю з чатырох паштовых мастацкіх марак выпусціла Пошта Расіі для абарачэння ў Расійскай Федэрацыі. Аднак цырымонію памятнага гашэння вырашана правесці ў беларускім горадзе Смаргонь.

Паштовыя маркі прысвечаны баявой тэхніцы, якая выкарыстоўвалася ў гады Першай сусветнай вайны. На іх намаляваны бамбардзіроўшчык «Ілля Муромец», распрацаваны ў жніўні 1913 года. У гады Першай сусветнай выпушчана каля 80 такіх самалётаў. У мірны час да 1923 года яны абслугоўвалі паштова-пасажырскую лінію. Другая марка прысвечана мінаносцу «Новік». Таксама на марках намаляваны 7,62-мм вінтоўка сістэмы Мосіна і 76,2-мм палявая хуткастрэльная гармата.

Для гашэння паштовых марак выраблены спецыяльны штэмпель, якім зроблены адбіткі на канвертах. Удзельнікі цырымоніі падпісалі канверты, тым самым яны сталі калекцыйнымі.

Тыраж паштовых мастацкіх марак «Гісторыя Першай сусветнай вайны. Айчынная баявая тэхніка» складае 386 тыс. асобнікаў. Маркі распрацаваў мастак-дызайнер Уладзімір Бельцюкоў.

***

У Смаргоні праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю пачатку гераічнай абароны горада ў Першую сусветную вайну. З раніцы ў храме Праабражэння Гасподняга адбылася літургія, прайшоў круглы стол «Першая сусветная вайны — старонкі гісторыі» з удзелам беларускіх і расійскіх гісторыкаў, прадстаўнікоў архіўных службаў. У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі прэзентавалі выставу «Нямыя помнікі забытай вайны».

Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі ля мемарыяла. Тут адбылася паніхіда памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, мітынг-рэквіем, у гэтыя хвіліны праходзіць канцэрт з удзелам Дзяржаўнага камернага хору Беларусі і ансамбля салістаў «Класік-Авангард».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?