19 верасня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў закон аб дзяржаўным сцягу, зацвердзіўшы бел-чырвона-белы сцяг. Генерал Пётр Чавус уручае сцяг 11-й гвардзейскай мотастралковай брыгадзе. Фота: асабісты архіў.

19 верасня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў закон аб дзяржаўным сцягу, зацвердзіўшы бел-чырвона-белы сцяг. Генерал Пётр Чавус уручае сцяг 11-й гвардзейскай мотастралковай брыгадзе. Фота: асабісты архіў.

Як пасля распаду Саюза беларускія ўлады прымалі амерыканскую дэлегацыю, пра што яны прасілі адзін аднаго і як тысячы ваенных адаптаваліся да мірнага жыцця — расказаў першы вайсковы міністр Пятро Чавус.

Пасля раcпаду СССР Беларусь была самай ваенізаванай з усіх рэспублік. Востра паўстала пытанне, што рабіць з шматтысячнай арміяй і ядзернай зброяй, якія засталіся на нашай тэрыторыі. Зацікавіліся сітуацыяй і амерыканцы…

— Пятро Рыгоравіч, што для вас, як для міністра абароны, аказалася галоўнай праблемай, калі Беларусь стала незалежнай?

— Мы, вайскоўцы, як маглі супраціўляліся развалу СССР, мы ж прысягалі гэтай краіне, таму складаным было ўсё. На момант развалу СССР я быў начальнікам Штаба Грамадзянскай абароны Савецкага Саюза ў Маскве, і мне прапанавалі ўзначаліць вайсковае ведамства ў Беларусі. Я даў дабро.

Узброеныя сілы былі галоўнай моцай СССР, з імі трэба было разбірацца да канца. Украіна абвясціла, што стварае нацыянальныя Узброеныя сілы, падпарадкоўвае ўсе войскі на тэрыторыі Украіны сабе, у тым ліку і цэнтральнага падпарадкавання. Абвясцілі, што ўсе ўкраінцы, дзе б яны ні служылі, павінны вяртацца на радзіму.

Пытанне, як быць з Узброенымі сіламі, і ў Беларусі стаяла востра. Раней ніхто на месцах не задумваўся: як узбройваць, як апранаць, чым карміць, якія навучальныя мерапрыемствы праводзіць? Усё надыходзіла з цэнтра, з Масквы.

11 снежня 1991 Вярхоўны Савет абраў мяне міністрам па справах абароны Беларусі. У нас дзейнічала Беларуская вайсковая акруга, знаходзіліся войскі цэнтральнага падпарадкавання, у тым ліку тры дывізіі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, 81 пускавая ўстаноўка рухомых ракетных комплексаў «Таполя», здольных выкарыстоўваць ядзерную зброю.

Генерал Пятро Чавус прысягае на вернасць незалежнай Беларусі, 1992-ы год. Фота: асабісты архіў.

Генерал Пятро Чавус прысягае на вернасць незалежнай Беларусі, 1992-ы год. Фота: асабісты архіў.

14 снежня я прыехаў у Маскву здаваць пасаду начальніка штаба. Раптам тэлефануюць з Мінска: «Тэрмінова вяртайся, да нас прыязджае дзяржсакратар ЗША Бэйкер».

— Чаму пасля распаду Саюза амерыканцы найперш прыехалі ў Беларусь?

— Раніцай 15 снежня, перад сустрэчай з Бэйкерам, я зайшоў да Кебіча. Пытаюся: «Вячаслаў Францавіч, навошта прыязджае Бэйкер?» — «А хто яго ведае!»

Я сказаў: «Вы павінны ведаць, што амерыканцаў сёння больш за ўсё хвалюе ядзерная зброя на нашай тэрыторыі, яны плануюць дазнацца, што мы хочам з ёй рабіць».

Кебіч звязаўся з Шушкевічам: «Станіслаў Станіслававіч, навошта да нас прыязджае Бэйкер?» — «Не ведаю». — «Тут у мяне Чавус сядзіць, кажа, што амерыканцаў хвалюе ядзерная зброя на нашай тэрыторыі».

Шушкевіч паклікаў нас да сябе, я іх асвечваў, навошта прыязджае Бэйкер, а таксама распавёў, колькі ў нас ядзернай зброі і якая яна.

«Кебіч папрасіў у амерыканцаў пшаніцу, алей і дзіцячую вопратку»

— Пра што вы размаўлялі з Джэймсам Бэйкерам?

— Сустрэча была ў рэзідэнцыі на Вайсковым завулку, з абодвух бакоў — чалавек па 20. Сабраліся на першым паверсе, а Бэйкер і кажа: «Вы пакуль тут пасядзіце, а мы ўтрох — ён, Кебіч і Шушкевіч — паднімемся на другі паверх».

Яны гутарылі гадзіны дзве, мы ўнізе таксама. Амерыканцы пыталіся, як мы будзем будаваць Узброеныя сілы. Я выказаў сваё меркаванне: Беларусь будзе бяз'ядзернай нейтральнай дзяржавай.

Калі яны спусціліся, Бэйкер сказаў, што амерыканцы хочуць, каб Белавежскія пагадненні былі распаўсюджаныя на Сярэднюю Азію і Каўказ, і просяць беларускі бок паспрыяць у вырашэнні гэтага пытання. Што тычыцца ядзернай зброі, то паміж СССР і ЗША ёсць дамова аб скарачэнні ядзерных узбраенняў да 2000 года. Наша дэлегацыя пагадзілася і з гэтым.

Напрыканцы Бэйкер спытаў: «У каго ёсць пытанні?» Кебіч экспромтам папрасіў: «Нам патрэбна пшаніца цвёрдых гатункаў, алей і дзіцячая вопратка».

ЗША ўжо аказвалі дапамогу Савецкаму Саюзу, але ўся дапамога ішла ў Расею. Кебіч папрасіў накіроўваць дапамогу саюзным рэспублікам, у тым ліку Беларусі, наўпрост. Бэйкер запісаў нашы просьбы, паабяцаў стварыць камісію, вывучыць пытанні і прыняць рашэнне.

Сустрэча з міністрам абароны ЗША Дыкам Чэйні ў Брусэлі, 1992-ы год. Фота: асабісты архіў.

Сустрэча з міністрам абароны ЗША Дыкам Чэйні ў Брусэлі, 1992-ы год. Фота: асабісты архіў.

— І як вы садзейнічалі амерыканцам у іх просьбе?

— Дзесьці 20 снежня 91-га з Масквы прыйшло паведамленне: трэба тэрмінова ляцець у Алма-Ату на сход кіраўнікоў усіх саюзных рэспублік.

Мы паляцелі поўнай дэлегацыяй: Шушкевіч, Кебіч, усе міністры з новага кабінета, Зянон Пазняк са сваёй дэлегацыяй ад Вярхоўнага Савета.

У 15.00 пачалася агульная нарада. Да гэтага часу Ельцын быў ужо вясёлы і абвясціў: «Мы з кіраўнікамі рэспублік параіліся і прыйшлі да высновы, што Савецкага Саюза як такога не будзе, а будуць незалежныя дзяржавы». Пасля гэтага абмеркавалі надзённыя пытанні кожнай рэспублікі, у першую чаргу пытанні харчавання. Ельцын адказаў: «Мы гэтыя пытанні будзем вырашаць».

Хтосьці спытаў: «А як быць з прэзідэнтам Савецкага Саюза Гарбачовым?» Ельцын, седзячы, нядбайна так адказаў: «Расея вырашыць лёс Гарбачова». Пасля гэтага і адбылося падпісанне пратакола аб спыненні існавання СССР.

Падчас зваротнай дарогі ў самалёце стан ва ўсіх быў прыгнечаны: «Хто мы такія? Што далей?» Я вайсковы чалавек, прысягнуў той дзяржаве, якой ужо няма. Паступова абстаноўка разрадзілася: выпілі па чарцы, зашумелі.

Наперадзе за сталом сядзіць Шушкевіч, насупраць Кебіч, гутараць.

Шушкевіч падняўся, пайшоў па праходзе, размаўляў з членамі дэлегацыі. Пазняк сеў на яго месца, пачаў вырашаць пытанні з Кебічам, размаўлялі яны жыва, нават весела.

Калі Шушкевіч вярнуўся, Зянон і не падумаў саступіць яму месца. Па самалёце пайшоў смяшок: Пазняк прымяраецца да крэсла кіраўніка Вярхоўнага Савета…

«Вярхоўны Савет Беларусі адмовіўся падпарадкоўвацца пажаданню Масквы»

— Пасля развалу СССР на тэрыторыі Беларусі засталася велізарная армія, як вырашаўся яе лёс?

— Генеральны штаб савецкай арміі прапаноўваў пакінуць адзіныя Узброеныя сілы, паступова іх скарачаючы. Наша дэлегацыя часта ездзіла ў Маскву выпрацоўваць супольную пазіцыю па Узброеных сілах. У рэспубліцы пэўнага меркавання наконт гэтага не было, самым складаным было пытанне забеспячэння напярэдадні зімы.

— Былі моманты, калі маскоўскае і мінскае кіраўніцтва мелі розныя погляды на тое, што адбываецца?

— Дзесьці каля 20 снежня 91-га ў Менск прыляцеў міністр Узброеных сіл Савецкага Саюза Яўген Шапашнікаў. Пагутарылі, апісалі яму абстаноўку. Ён паляцеў, а дні праз тры камандуючы Беларускай вайсковай акругай Анатоль Кастэнка выдаў загад, які апублікавалі ў газетах: «103-ю паветрана-дэсантную дывізію з Віцебска адправіць у гарачую кропку — у Прыднястроўе».

Вярхоўны Савет абурыўся, вырашылі заслухаць мяне, я з трыбуны заявіў: «Загад неправамоцны, мы яго выконваць не павінны. Дывізія — наша і будзе знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі». Вярхоўны Савет аднагалосна прагаласаваў: пакінуць дывізію і не выконваць загаду Кастэнкі.

Падчас абмеркавання загаду Кастэнкі было прынята рашэнне аб стварэнні Міністэрства абароны Беларусі. Пасля гэтага пастановай старшыні ўрада Вячаслава Кебіча я быў прызначаны в.а. міністра абароны…

У выніку Вярхоўны Савет сам вырашаў, якія войскі пакінуць, якія адправіць у Расею.

У гэты час паўстала пытанне, што да нас павінна прыйсці яшчэ адна дывізія савецкіх войскаў з Нямеччыны. Мы пагадзіліся яе прыняць пры ўмове, што на нямецкія сродкі пабудуюць у Слоніме жылы гарадок для афіцэрскага складу.

Немцы ўжо дапамагалі вырашаць нам жыллёвую праблему. Пасля ўз'яднання Германіі СССР выводзіў адтуль свае войскі, была падпісаная дамова, па якой немцы павінны былі аказваць нам дапамогу. Былі пабудаваныя жылыя гарадкі ў Барысаве, Мар'інай Горцы, Пружанах, Баранавічах.

«З гарачых пунктаў Душанбэ мы вывезлі 180 беларусаў»

— Чамадан з сістэмамі кіравання ядзернай зброяй, у тым ліку з беларускай тэрыторыі, быў у Гарбачова, затым ён перадаў яго Ельцыну. Атрымліваецца, яны маглі без ведама кіраўніцтва Беларусі запусціць ядзерныя боепрыпасы ў любы пункт свету, а што маглі мы?

— Ядзерная зброя СССР знаходзілася на тэрыторыі чатырох дзяржаў: Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана. Сродкаў кіравання ў нас не было, але і абстаноўка была мірная, ніхто ні на каго нападаць не збіраўся. Але Масква прапанавала стварыць такія ж скрыні Шушкевічу, Назарбаеву і Краўчуку для прамой сувязі з Ельцыным для вырашэння пытання аб прымяненні ядзернай зброі.

У Маскве гэтае пытанне абмеркавалі, і я зайшоў да Шушкевіча, давёў да ведама, што ў яго павінен быць такі чамадан на працоўным месцы, у машыне, дома, на дачы, у самалёце. Шушкевіч як пачуў, што яму трэба кіраваць ядзернай зброяй, спытаў: «А навошта мне?…» Калі высветлілі, колькі гэта будзе каштаваць, пытанне канчаткова павісла ў паветры…

Я быў прыхільнікам пакінуць ядзерную зброю на нашай тэрыторыі да 2000 года, гэта было магчыма па дамове з ЗША. Яна нам была патрэбна з маральных меркаванняў: з аднаго боку, гарантавала спакой, хоць кнопка і была ў Ельцына, з другога — аўтарытэт. Але ў выніку рашэнне вывозіць яе з беларускай тэрыторыі прынялі ўжо ў 92-м годзе.

— Вайскоўцы-беларусы служылі на тэрыторыі многіх рэспублік. Як вырашалі пытанне з імі?

— У лютым ці сакавіку 92-га я быў у Маскве і мяне запрасілі ў амбасаду Беларусі. Там сабралося каля 200 беларускіх генералаў і афіцэраў, якія вучыліся ці служылі ў Маскве.

Было пастаўлена пытанне: «Як нам далей служыць і дзе?» Я адказаў: «Я беларус і вы беларусы, будзем служыць сваёй радзіме. Я не абяцаю, што вы адразу атрымаеце пасады, можа быць, пасад для ўсіх не хопіць, але мы правядзем конкурс сярод тых, хто служыць у Беларусі, і тых, хто туды прыедзе, вызначым, хто ў якой якасці можа выконваць свае абавязкі».

У Беларусі мяне не зусім зразумелі, да таго ж ні Шушкевіч, ні Кебіч, ні іншыя чыноўнікі ў шкуры вайскоўцаў не пабывалі, прысягу не прымалі.

Шушкевіч мне толькі сказаў: «Вы думайце далей».

Мы складалі спісы, але ва ўпраўленні кадраў Беларускай ваеннай акругі часам не хацелі браць прыезджых нават на тыя пасады, якія былі вольныя. Былі курсы перападрыхтоўкі, вайскоўцам даводзілася пачынаць жыццё нанава: былыя лётчыкі ўладкоўваліся тэхнікамі, танкісты перавучваліся на трактарыстаў, а хтосьці ішоў на склад начальнікам складской рэчавай службы, ахоўнікам і гэтак далей.

У пачатку 92-га пачалі абурацца бацькі: чаму нашы дзеці, беларусы, абараняюць чужых і працягваюць ваяваць у гарачых пунктах? Вярхоўны Савет прыняў рашэнне адправіць дэлегацыі ў гарачыя пункты, у Таджыкістан і на Каўказ, і забраць адтуль беларускіх салдат і афіцэраў.

Мяне накіравалі ў Душанбэ, я служыў там і добра ведаў той край. Прыляцелі, да нас з усіх бакоў кінуліся расійскія карэспандэнты: «Вы што, хочаце агаліць нашы межы?! Вы ж яшчэ ўчора былі савецкі генерал, дзе ваша сумленне?!»

А як сабраць беларусаў? Яны ж у гарах на заставах і ў пагранатрадзе. Мясцовае начальства я ведаў, распавёў, што ў нас даручэнне, дакумент паказаў. Але наш дакумент ім не ўказ.

Я сказаў: мы аб'едзем пагранзаставы, хто выкажа жаданне — забяром, хто не захоча — хай застаецца. За два тыдні сабралі 180 беларусаў, некалькі адмовілася, былі і людзі са Смаленска, Бранска, якія захацелі ляцець з намі, узялі і іх.

Генерал-палкоўнік Пётр Чавус пасля развалу Саюза асабіста вывозіў беларускіх салдат з гарачых кропак. Фота: асабісты архіў.

Генерал-палкоўнік Пётр Чавус пасля развалу Саюза асабіста вывозіў беларускіх салдат з гарачых кропак. Фота: асабісты архіў.

Сабраліся ляцець дадому, а ў Таджыкістане газы няма, заправіцца няма чым. Прыйшлося падымаць старыя сувязі, знайшлі газу ў Туркменіі, дацягнулі да Ашхабада, ноччу, каб шуму не падымаць, там нас і заправілі …

«Прыйшоў у суботу ў Дом ураду — а там нікога»

— Пётр Рыгоравіч, як вы думаеце, чаму разваліўся СССР?

— Думаю, развал Саюза адбыўся ад развалу эканомікі, ад чэргаў, ад п'янства і іншых бязладдзяў. У 1980 годзе я сканчаў Акадэмію Генштаба ў Маскве, ужо тады па гарэлку былі і чэргі, і бойкі. А да 89-га года ў крамах адны мухі лёталі…

Яшчэ я параўноўваў прыход незалежнасці ў Латвіі і ў Беларусі. З 1988 года я быў начальнікам штаба Прыбалтыйскай ваеннай акругі, працаваў у цэнтры Рыгі.

Вокны выходзілі на штаб Латвійскага народнага фронту, там дзень і ноч ішлі нарады, праца кіпела днём і ноччу. Калі я прыехаў у Мінск, была субота, у першую чаргу прыйшоў у Дом урада. А там — нікога.

Дзяжурны пытаецца: «А чаго вы прыйшлі, таварыш генерал? У нас выхадны, Кебіч будзе ў панядзелак у 9 раніцы, Шушкевіч — да 10-ці». Працаваў толькі БНФ…

У панядзелак я прыйшоў да Кебіча і сказаў шчыра: «Вячаслаў Францавіч, нешта атмасфера ў нас нейкая затхлая, мы так завалім тут усю справу».

Кебіч быў поўны спакою: «Чаго гэта мы завалім? У нас усё нармальна!» А ў 12 гадзін рабочыя са спыненых заводаў выйшлі на вуліцы, пачаўся шматтысячны мітынг…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?