У беларускамоўных гімназіях не хапае дапаможнікаў, напісаных на роднай мове: атласы, контурныя карты, дапаможнік па інфарматыцы. Такія праблемы апісвае мама шасцікласніка, які вучыцца ў беларускамоўнай сталічнай гімназіі і старшыня апякунскай рады Крысціна Вітушка:

«Няма дзённікаў на мове. У пятым класе няма атласаў і контурных карт для гісторыі старажытнага свету. Няма контурных карт па геаграфіі, працоўных сшыткаў па фізіцы. Інфарматыку прапануюць вывучаць па дапаможніках на рускай мове па Windows-95», — апісвае Крысціна Вітушка.

З гэтай нагоды мама шасцікласніка звярталася і ў Міністэрства адукацыі, і ў Мінінфармацыі, але праблема па сёння не вырашаная, абураецца Крысціна Вітушка«Чаму я мушу плаціць тады за камплект падручнікаў, чаму мушу плаціць падаткі і мець такую дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце: калі для рускамоўных школ усё ёсць, для беларускамоўных — няма».

У «Белкартаграфіі», якая займаецца выпускам мап, прыгадваюць толькі беларускамоўны атлас па гісторыі Беларусі. Тлумачаць, што друкаваць астатняе — нявыгадна.

«У беларускай версіі толькі гісторыя Беларусі. Астатняе на рускай, бо мы друкуем на свае сродкі тое, што карыстаецца попытам. Бываюць дзяржаўныя замовы — тады мы друкуем».

Прыватнае выдавецтва «Аверсэф» мае дапаможнікі па-беларуску. Але такіх меншасць.

А крама «Адукацыя» наогул скардзіцца, што прадае толькі 10% ад беларускамоўнай прадукцыі для школьнікаў.

«Грамадазнаўства і гісторыя ёсць на беларускай мове. Не друкуюць, бо гэта камерцыйныя выдавецтвы. Калі б была дзяржаўная замова, тады б дзяржава ўплывала. Стала менш беларускамоўных школ, мы бачым па краме, што рускамоўнае прадаецца на 90%, беларускамоўнае — на 10%», — кажуць у краме.

Нацыянальны Інстытут адукацыі, які займаецца школьнымі падручнікамі, працуе па дзяржаўнай замове. Тут лічаць, што ўсе кнігі ёсць у неабходнай колькасці.

«Не так шмат беларускамоўных гімназій, таму камерцыйны бок і з'яўляецца праблемай, ім нявыгадна выдаваць малатыражную літаратуру. Але падручнікі ўсе ёсць у дастатковай колькасці. Напрыклад, мы выдаём 100% тыраж і зверху 10%».

Летась у Мінску працавала 11 школ, якія навучалі дзяцей па-беларуску. У 6 школах навучанне на роднай мове вялося цалкам. Усяго па краіне па-беларуску атрымлівае адукацыю 15% ад усіх школьнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?