Скончана следства па справе ЗАТ «Тэрабудінвест», паведаміў на брыфінгу 17 верасня ў Мінску намеснік начальніка галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Сяргей Лішко.

На лаву падсудных сядуць сем службовых асоб кампаніі, якая будуе дом у сталіцы на вуліцы Прытыцкага, 97. Яшчэ трое абвінавачаных знаходзяцца ў вышуку.

Сярод абвінавачаных — акцыянеры і заснавальнікі, дырэктар, намеснік дырэктара, галоўны бухгалтар і кіраўнікі падрадных арганізацый.

Названыя асобы абвінавачваюцца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, а таксама ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, адмыванні матэрыяльных каштоўнасцяў.

Шкода ад дзейнасці службовых асоб склаў больш за Br3,8 млрд. Пацярпелымі прызнаныя каля 150 грамадзян, якія не змаглі засяліцца ў кватэры.

«Незаконна атрыманы даход склаў звыш за Br550 млн, на Br940 млн былі легалізаваныя матэрыяльныя каштоўнасці, атрыманыя злачынным шляхам. Абвінавачаныя пакрылі шкоду на суму Br1,3 млрд. Акрамя таго, на спецыяльны рахунак для завяршэння будаўніцтва паступіла Br1,7 млрд», — дадаў Сяргей Лішко.

На маёмасць абвінавачаных (зямельныя ўчасткі, нерухомасць, аўтамабілі) на агульную суму звыш за Br20 млрд накладзены арышт.

Будаўніцтва дома па вуліцы Прытыцкага ў Мінску, забудоўшчыкам якога было ЗАТ «Тэрабудінвест», пачалося яшчэ ў 2007 годзе. Да гэтага часу даўгабуд не здадзены ў эксплуатацыю.

Першы скандал вакол ЗАТ «Тэрабудінвест» пачаў разгарацца ў 2009 годзе, калі арганізаваная злачынная група падманула сотні дольшчыкаў, якія спадзяваліся стаць гаспадарамі кватэр у доме.

Вясной 2011 года суд прыгаварыў некалькіх супрацоўнікаў арганізацыі да доўгіх тэрмінаў зняволення за махлярства, службовы падлог, крадзеж, легалізацыю матэрыяльных каштоўнасцяў, атрыманых злачынным шляхам.

Праз некалькі гадоў справа прыняла новы абарот. Увесну 2014 года праваахоўнікі ўзялі пад варту былога дырэктара ЗАТ «Тэрабудінвест», выявіўшы факты крадзяжоў грашовых сродкаў удзельнікаў долевага будаўніцтва са спецыяльнага рахунку арганізацыі, на якім акумуляваліся грошы дольшчыкаў. Былі атрыманыя доказы здзяйснення і іншых эпізодаў злачыннай дзейнасці кіраўніцтвам арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?