Жыхар Салігорска паскардзіўся на мясцовых даішнікаў — тыя не змаглі скласці пратакол на беларускай мове. Аднак у УУС Мінскага аблвыканкаму адказалі, што парушэння з іх боку няма.

Справа адбылася яшчэ ў чэрвені. Аляксандра Малочку супрацоўнікі Салігорскага ДАІ спынілі за дробнае парушэнне. Размаўляць з імі Аляксандр пачаў па-беларуску, і папрасіў, каб пратакол быў складзены на беларускай мове. Але нічога не атрымалася.

«З тым фактам, што шторкі на маім аўто з’яўляюцца парушэннем правіл дарожнага руху, я абсалютна пагадзіўся. Але я папярэдзіў супрацоўнікаў ДАІ, што буду карыстацца беларускай мовай і запатрабаваў ад іх як ад дзяржаўных служачых таго ж. Таксама я запатрабаваў, каб пратакол быў складзены па-беларуску і на беларускамоўным бланку, а інакш я не прызнаю факт правапарушэння, — распавёў ПЦ «Вясна» Аляксандр Малочка. — На жаль, адзінае, што я пачуў ад інспектара Сінельнікава, які нават не прадставіўся па форме, як таго патрабуе працэдура, гэта слова «калі ласка». На маё законнае патрабаванне прадставіць мне перакладчыка вышэйзгаданы супрацоўнік ДАІ ніяк не адрэагаваў ды працягваў звяртацца да мяне толькі на рускай мове».

Пасля Малочка напісаў скаргу ў мясцовую пракуратуру. Але паперу накіравалі ва УУС Мінскага аблвыканкама. Адказ на скрагу, за подпісам часова выконваючага абавязкі начальніка ўпраўлення Аляксандра Астрэйкі, прыйшоў. У ім сцвярджаецца, што ніякай праблемы не існуе.

У лісце гаворыцца, што складанне пратаколу супрацоўнікамі ДАІ на рускай мове, нягледзячы на патрабаванні кіроўцы наконт беларускай, цалкам адпавядае дзеючаму заканадаўству і патрабаванням Працэсуальна-выканаўчага кодэксу, які дазваляе весці адміністрацыйны працэс на беларускай або рускай мове. Перакладчыка ж Аляксандру Малочку не прадставілі нібыта з-за адсутнасці адпаведнага хадайніцтва.

Аляксандр Астрэйка спаслаўся на існуючую ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе магчымасць весці працэс на любой з дзяржаўных моў. Знайшлася для супрацоўнікаў міліцыі і легальная магчымасць ігнараваць моўныя правы грамадзян, нягледзячы на патрабаванне заканадаўства да дзяржаўных службоўцаў аб абавязковым валоданні абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.

Выявілася, што заканадаўствам краіны, а таксама ведамаснымі нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства ўнутраных спраў не прадугледжана адказнасць супрацоўнікаў міліцыі за невалоданне адной з іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?