Казацкія атаманы заклікаюць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка за Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай 16 верасня на пашыраным пасяджэнні Рады атаманаў Беларусі. 

«Напярэдадні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у асобных сродках масавай інфармацыі стала з'яўляцца лжывая інфармацыя аб тым, што казакі прынялі рашэнне вылучыць вярхоўнага атамана ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў заяве. — Гэта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Казакі Рэспублікі Беларусь на Вялікім коле аднагалосна прынялі рашэнне падтрымаць на выбарах ганаровага вярхоўнага атамана Лукашэнку. Гэтае рашэнне можа камусьці падабацца ці не падабацца, але гэта рашэнне казакоў, і мы будзем беспярэчна яму падпарадкоўвацца». 

У заяве таксама гаворыцца: «Мы, казакі, заклікаем усіх грамадзян нашай краіны аб'яднацца і падтрымаць на выбарах Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Спрадвеку казакі Беларусі служылі Айчыне, народу і веры праваслаўнай! Сваім традыцыям мы не здрадзім! Застанемся адданымі салдатамі Радзімы і ўсімі сіламі дапаможам прэзідэнту, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, ганароваму вярхоўнаму атаману Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку захаваць мір і стабільнасць на нашай роднай беларускай зямлі!» 

Як растлумачыў БелаПАН кіраўнік прэс-цэнтра Казацтва Рэспублікі Беларусь палкоўнік Іван Машчанка, прадстаўнікі казацкіх рухаў не падтрымліваюць вылучэнне Мікалая Улаховіча кандыдатам у прэзідэнты.

«Не маглі падтрымаць вылучэнне Улаховіча, таму што для таго, каб атаман балатаваўся і зваўся атаманам, яму неабходна рашэнне кола казакоў ці хоць бы пасяджэння Рады атаманаў. Ні тое, ні другое зроблена не было. Людзей проста ўвялі ў зман, што вярхоўны атаман ідзе на выбары».

Ён адзначыў, што ў 1996 годзе адблося аб'яднальнае кола казацкіх рухаў і было створана Усебеларускае аб'яднанае казацтва (у яго ўваходзіць і ўзначаленае Улаховічам Беларускае казацтва). Кіраўніком Усебеларускага аб'яднанага казацтва і вярхоўным атаманам Беларусі з'яўляецца генерал Мікалай Ярковіч. 

«Мы б хацелі, каб людзі ведалі, што Аляксандр Рыгоравіч (Лукашэнка) з'яўляецца ганаровым Вярхоўным атаманам, і казакі Беларусі на Вялікім коле ўсіх казакоў з прысутнасцю таго самага Улаховіча прынялі рашэнне, што будуць падтрымліваць дзейнага прэзідэнта», — падкрэсліў Машчанка. 

Паводле яго слоў, Вялікае кола Усебеларускага аб'яднанага казацтва праводзіцца раз на пяць гадоў. Апошні раз яно збіралася 11 лістапада 2013 года. «Мы збіралі кола непасрэдна для таго, каб прыняць рашэнне па выбарах, — сказаў Машчанка. — І цяпер, калі стала пытанне аб тым, што ён (Улаховіч) даў інтэрв'ю як вярхоўны атаман, прайшоў разбор. Прыехалі да бацюшкі, які акармляе непасрэдна гэта Беларускае казацтва, удакладнілі ў яго, ці было ў іх кола». 

Машчанка зазначыў, што, паводле слоў гэтага святара, кола было тры месяцы таму і на ім прынялі рашэнне таксама падтрымаць Лукашэнку. Іншых рашэнняў не было, таму Улаховіч уводзіць людзей у зман сцвярджэннямі, што з'яўляецца вярхоўным атаманам казакоў, заявіў кіраўнік прэс-цэнтра. 

«Ён мог вылучацца як грамадзянін, але не як казак. Калі ён вылучаецца, скажам, як вярхоўны атаман і ў яго няма падтрымкі ад казакоў, ён павінен напісаць заяву, скласці паўнамоцтвы, як гэта робяць кіраўнікі дзяржавы падчас перадвыбарнай кампаніі, — растлумачыў Машчанка. — А тут, разумееце, дзяржава нас пачала біць за тое, што ён пачаў даваць інтэрв'ю і ў гэтых інтэрв'ю пісаць, што ён фінансуецца за кошт казакоў. А гэта не так. Без рашэння Савета атаманаў ніводнае дзеянне не можа адбывацца. Мы не хацелі ўсё гэта публікаваць да моманту рэгістрацыі, каб нас не папракнулі, што мы нібы там перашкаджаем яго рэгістрацыі. Цяпер, калі ён зарэгістраваўся і пачаў весці [агітацыю], з'явілася гэта заява». 

Паводле слоў Машчанкі, за падобныя паводзіны Улаховіча могуць выгнаць з казацтва.

«Гэта адбудзецца пасля таго, як адбудуцца выбары, — сказаў ён. — Вы ж зразумейце правільна, мы не жадаем, каб нас папракнулі ў тым, што мы гэтыя дзеянні хуценька там… Таму і ў нашай заяве не ідзе гаворка аб тым, што там Улаховіч ці Пятроў, там ідзе гаворка аб тым, што Аляксандр Рыгоравіч з'яўляецца ганаровым вярхоўным атаманам з 2008 года. Таму казакі наогул не маюць права ўзнімаць гэта пытанне, пакуль не пройдзе круг». 

Машчанка зазначыў, што правядзенне круга плануецца на 6—7 кастрычніка. «Мы заяўку ўжо адправілі і кіраўніку дзяржавы, і адміністрацыі аб тым, што мы хочам правесці круг. Але, вы ж ведаеце, можа адбыцца так, што нам проста скажуць, што не трэба цяпер узнімаць гэты вялікі шум, каб выгнаць яго перад самымі выбарамі, а правядзём яго крыху пазней. Таму гэта не ад нас залежыць», — сказаў ён. 

Узяць каментар у Мікалая Улаховіча ці яго прадстаўніка БелаПАН не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?