Вясна рыхтуе сапраўдны падарунак для фанатаў беларускай музыкі. У красавіку выйдзе DVD-складанка з беларускімі кліпамі канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў пад назвай “Кліп-марафон”. Унікальная плытка мяркуе сабраць музычныя ролікі “класікаў” беларускага року і маладых гуртоў. Многія з кліпаў была магчымасць пабачыць падчас “Кліп-марафону”, што адбыўся гэтай восенню на Сядзібе БНФ. Творы будуць класіфікаваныя па намінацыях “Анімацыйныя кліпы”, “Чорна-белыя”, “Цяжкая музыка”, “Менская вясна” і г.д.

На складанку трапяць і кліпы гуртоў “Бонда” і “Рэй”, да стварэння якіх у 80-х гг. “прыклаў руку” знаны музычны крытык Вітаўт Мартыненка.

Вось што гаворыць пра гэта сам Вітаўт: “Вакол кліпа “Ура” “Бонды” завязана шмат цікавых гісторый, вядомых мала каму. Здымалі яго музыкі за свае грошы і надзвычай выдаткаваліся - аддалі сумму, прыкладна роўную “Жыгулям”. Прычым, я застаўся на плёнцы зусім выпадкова. Па сюжэце здымалі людзей, што па адным выскоквалі з падвала цалкам засыпанага Верхняга горада Менску. Дык вось, на плёнцы, адразу пасля майго скачку, астатнія кадры з гэтага эпізоду абрэзалі. Падчас здымкі кліпу гурта “Рэй” “Храмы падаюць” фінансавых сродкаў было зусім няшмат. Таму акторамі пабывалі ці не ўсе чальцы здымачнай групы. У тым ліку і я. Па сцэнарыі людзі ізноў такі павінны былі выскокваць. У гэтым разе з храма, які руйнаваўся. Я вырашыў зрабіць гэта больш эфектна, чым планавалася, і праляцець над аператарам. Але ў выніку атрымалася не зусім не так, як я чакаў, і я вывіхнуў нагу.”

Пра ідэю стварэння складанкі музычны крытык зазначае: “Беларускія кліпы здымаюць рэдка, але якасна. Выпусціць гэты DVD – тое самае, што паказаць людзям крыж Ефрасінні Полацкай. Гэта сімвалічныя шэдэўры. Калі выходзіў альбом “Генералы айчыннага року”, я настойваў, каб туды ўзялі запісы 80-х гадоў. І людзі потым здзіўляліся: гэта “Мясцовы час” так спяваў? Тое самае будзе і з кліпамі, калі іх пабачыць грамадства. Калісьці мне ў рукі патрапіў дыск з кліпамі гурта Led Zeppelin, дзе, акрамя выкшталцонага камерцыйнага прадукту, была яшчэ нарэзка самаробных ролікаў, зробленых недзе ў гаражы. Дык вось, я праглядзеў гэтыя кавалкі разоў дзесяць! Таму, я думаю, такія складанкі варта рабіць. Гэта паказвае, што мы жывем і варушымся.”

Паколькі стваральнікі “Кліп-марафону” хочуць змясціць на яе як мага болей кліпаў, то сбор ролікаў працягваецца!

Трапіць на складанку можа абсалютна любы беларускі гурт, што мае кліп.

Кантактаваць па арганізацыйных пытаннях можна праз тэлефон:

649 08 88

альбо мэйл:

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?