Выступ па тэлебачанні кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Улаховіча аказаўся запамінальным. Зварот атамана часам выглядаў як хаатычны набор думак, якія супярэчылі адна адной.

«Наша Ніва» паспрабавала разабрацца ў тым, што хацеў сказаць кандыдат у прэзідэнты. Прапануем яркія цытаты з ягонага выступу.

  1. «Дзеці цяпер сталеюць хутка, і тое, што гэтая іх малалетняя частка выпадае з актыўнага жыцця, не вельмі добра».
  2. «А цяпер я перайду ад адной ідэі да больш высокай. Пакінуўшы піянерыю і камсамол, перайду да вышэйшай адукацыі. Ужо даўно даказана, што вышэйшая адукацыя не робіць чалавека культурным. І тут я згодны з тым жа спадаром Трусавым, каторы і ёсць заснавальнік БНФ».
  3. «Дзіўна, што іх [спецыялістаў — «НН»] не хапае ў сельскай мясцовасці, у тым ліку ў Чарнобыльскай зоне. Я, дарэчы, за час свайго вылучэння ўсю яе аб'ехаў, і нешта пікетаў нашых кандыдатаў у прэзідэнты, апроч дзейнага кіраўніка, не бачыў. У свой час я сам удзельнічаў у стварэнні камерцыйнай вышэйшай навучальнай установы, таму маю права падзяліцца сваім меркаваннем».
  4. «Я, напрыклад, дакладна ведаю, што іспанцы з усімі размаўляюць на сваёй роднай мове, і асабліва ў прысутнасці англічан, французаў і немцаў. І гэта выклікае павагу. І адрываць нашу беларускую культуру ад агромністай рускай — гэта злачынства. Мы гэтым абядняем сябе і сваю нацыю. Так што, спадар Трусаў, агліцкая культура ад нас далёка, а руская заўсёды побач з намі».
  5. «Са знікненнем кодэкса будаўніка камунізму многія пацягнуліся да рэлігіі альбо да розных яе відаў. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага, калі толькі гэта рэлігія звязаная не з баптысцкай накіраванасцю, дзе прапаведуюцца страты здароўю чалавека, ці, яшчэ горш, з тэрарызмам».
  6. «У нас сярэдняя па насельніцтве еўрапейская краіна — кожны чацвёрты ў нас як мінімум далёкі сваяк. Таму як бы мы ні стараліся, чысцыні кадраў у гэтым плане наўрад ці дасягнём».
  7. «Хацелася б закрануць пытанне ўзбуйнення правапарадку праз пашырэнне дэмаграфічных правоў і свабод».
  8. «Ну, першае ўсяго… адмяніць неабходна напаўлегальную забарону на вываз тавараў і прадуктаў, зробленых у Беларусі, за межы фізічнымі асобамі. Фізічныя асобы могуць гандляваць прадукцыяй, выпускаемай у нашай краіне, без прад'яўлення сертыфікатаў. Ну, галоўнае, каб тавар меў нармальны выгляд. Два разы на тыдзень з аплатай падатку па днях».
  9. «Дазволіць гандаль прадукцыі, вырашчанай на сваіх агародах — ну, яно ж дазваляецца».
  10. «Не забараняць дробны гандаль, а наадварот, стымуляваць. Падтрымліваць дробны бізнэс… [праз 15 секунд]. Дырэктары камерцыйных структур павінны быць пад поўным кантролем».
  11. «Працаваць больш за 15 гадоў пасля дасягнення пенсійнага ўзросту няварта. [праз некалькі хвілін] Пенсіянеры, якія працуюць, захоўваюць пераемнасць працоўных дынастый. Крытэрыем для звальнення такога работніка павінен быць не ўзрост».
  12. «Скажу шчыра, асабіста я як грамадзянін-абывацель даўно ўжо не карыстаюся дыванамі».
  13. «Кошт элітнага жылля трэба павялічыць у разы. Таму што людзей з вялікімі даходамі ў краіне нямнога. Таму попыт на такое жыллё з гадамі значна паменшае».
  14. «Пенсіянеры — аснова нашай радзімы, якія аддалі і здароўе, і энергію, і розум».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0