У сваім перадвыбарчым тэлевыступе кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Улаховіч заявіў, што баптысцкая царква «прапаведуе шкоду здароўю чалавека».

«Пра духоўнае адраджэньне рэлігіі хацеў бы дадаць, што са зьнікненьнем кодэкса будаўнікоў камунізму многія пацягнуліся да рэлігіі. Або да розных яе відаў. Дрэннага ў гэтым нічога ня бачу. Калі толькі гэтая рэлігія зьвязаная не з баптысцкай скіраванасьцю, дзе прапаведуецца шкода здароўю чалавека, ці, яшчэ горш, з тэрарызмам. Тады я катэгарычна супраць».

Камэнтуючы карэспандэнту радыё «Свабода» гэтыя выказваньні Ўлаховіча на адрас баптыстаў, япіскап, старшыня Саюзу эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў у Беларусі Віктар Круцько сказаў: «Мы ўжо праходзілі савецкую ўладу і паклёп. Таму мяне гэта не зьдзіўляе. Чалавек хоча стаць прэзыдэнтам і такі невук у гэтых пытаньнях. Гэта мяне таксама зьдзіўляе. Гэта звычайнае невуцтва. Яму трэба было б сказаць наадварот, што баптысцкая рэлігія толькі здаровы лад жыцьця, духоўны і фізычны, прапагандуе. І жывуць так баптысты».

Кіраўніцтва саюзу мяркуе зьвязацца з кандыдатам у прэзыдэнты Ўлаховічам. «Мы хочам задаць яму элемэнтарнае пытаньне. Альбо ён проста рос у нейкім дрымучым лесе і ня ведае жыцьця, альбо ён насамрэч такі праціўнік. Але ж мы праціўнікаў не баімся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?