17 верасня ў мінскай парафіі Святога Францішка Асізскага, якой апякуюцца айцы капуцыны, былі асвечаны падмурак і краевугольны камень, а таксама ўмуравана капсула новай святыні.

Урачыстую Імшу з гэтай нагоды цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Таксама ўрачыстасць наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, прадстаўнікі капуцынаў, многія святары Міншчыны.

На ўскрайку Мінска, куды яшчэ не паспелі ўшчыльную падабрацца шматпавярхоўкі (але працэс ужо распачаўся і ідзе вельмі актыўна), сярод ляснога масіву, за вясковымі Капішчанскімі могілкамі ўзводзіцца новая святыня.

Пакуль што сапраўды вакол яе елкі і прыродны прастор, якія заўсёды натхнялі святога Францішка, але час ляціць хутка і трэба паспець да таго, як новая святыня абрасце новымі гмахамі, узвесці і ўмацаваць яе сцены, асабліва духоўныя, каб будучым жыхарам сталіцы з Уручча было дзе схіліць калена і прытуліць душу.

Асвячэнне падмурку адбылося якраз у свята стыгматаў святога Францішка. Стыгматы — гэта своеасаблівы крыж, вялікае цярпенне. Можна сказаць, і пра гэта неаднаразова згадвалі перад Імшой, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас гаміліі, што Беларусь і беларускі народ блізкія да святога з Асізі тым, што і яны маюць свае стыгматы, свае раны, якія патрабуюць духоўнага лекара, якія не загойваюцца яшчэ з часоў бязвер’я і атэістычнага ўціску рэлігіі і крываточаць у сучаснасці ў зраненых і пакалечаных сем’ях.

Аднак праз гэтыя стыгматы, праз змаганні і цярпенні якраз і гартуецца чалавек і імкнецца да святасці. «Праз цярпенні мы становімся бліжэй да Уваскрашэння», — сказаў на пачатку Імшы кусташ беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў (Ordo Fratrum Minorum Capuccinorum) а. Алег Шэнда OFMCap, які таксама дадаў, што падчас гэтай Імшы складаецца асаблівая малітва за тых, хто якім-кольвек чынам дапамагае ў будаўніцтве новай святыні.

Касцёл ва Уруччы — шостая будоўля новай каталіцкай святыні ў Мінску. Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, яна з’яўляецца знакам таго, што на нашай зямлі адраджаецца рэлігія.

Арцыпастыр дадаў, што здаўна людзі заўважалі, якое важнае значэнне пры будаўніцтве мелі вуглавыя камяні, без якіх немагчыма было ўзвесці трывалы і надзейны будынак, падкрэсліўшы, што гэтая значнасць пераносіцца і на закладку ў жыцці верніка духоўнага вуглавога каменя, якім з’яўляецца Езус Хрыстус.

Таксама арцыбіскуп нагадаў прысутным, што важна мець праграму жыцця, асноўная мэта якой — імкненне да святасці.

Святыня заўсёды з’яўляецца дапаможным сродкам, каб нагадваць чалавеку аб яго сапраўдным прызначэнні, бо гэта тэрыторыя, адрозная ад іншых, выключная, тэрыторыя спаткання чалавека з Богам, які «прагне, каб усе людзі кінуліся ў Яго абдымкі і ішлі да Яго збаўлення».

«Праз будучую дзейнасць Касцёла гэтая зямля няхай стане святой», — пажадаў арцыбіскуп, дадаўшы, што Касцёл, як лесвіца са сну Якуба, пра які гаварылася ў літургічным чытанні гэтага дня, з’яўляецца «сімвалам еднасці неба і зямлі, чалавека з Богам».

Таксама Мітрапаліт дадаў, што Касцёл — не толькі месца паяднання чалавека з Богам, але і месца паяднання людзей паміж сабой, а таксама месца змагання, дзе павінна перамагчы дабро.

Касцёл — тэрыторыя, куды чалавек павінен увайсці, зняўшы тое, што не з’яўляецца святым, як калісьці Майсей павінен быў зняць сандалі, каб наблізіцца да святога месца.

Манстранцыя-рэліквіярый

Манстранцыя-рэліквіярый

Цікавы факт, што на алтары, дзе цэлебравалася Імша, паміж свечак стаяла манстранцыя, у якой знаходзілася не Цела Хрыста, а рэліквіі нябеснага апекуна новай святыні. Манстрацыя — дар для парафіі Ігара Сурмачэўскага, беларускага мастака, рэстаўратара і калекцыянера, які сваю прыватную калекцыю па гісторыі і культуры Беларусі пачаў збіраць яшчэ ў 1977 годзе.

Па словах Ігара Сурмачэўскага, манстранцыя была створана хутчэй за ўсё Віленскай школай майстроў, хоць, магчыма, і Мінскай, напрыканцы ХVIII стагоддзя.

«Я лічу, што тое, што належала Касцёлу — павінна вяртацца ў Касцёл, вяртацца праз людзей», — кажа мастак.

«Калі вырашалася пытанне, дзе змясціць рэліквіі святога Францішка, і калі а. Андрэй Жылевіч OFMCap пабачыў вялікую і велічную манстранцыю, то, засумняваўшыся, спытаў: як можна змясціць у такую велічную манстранцыю рэліквіі святога, які жыў у такой убогасці?» — прыгадвае Ігар Сурмачэўскі. «Адна рэч — гэта жыццё святога, а зусім іншая — тое, як мы гэтага святога ўшаноўваем», — адказаў тады мастак, гледзячы на манстранцыю-рэліквіярый.

Дарэчы, ушанаванне рэліквій cвятога Францішка адбудзецца 4 кастрычніка, у дзень успаміну святога. Айцы капуцыны запрашаюць усіх ахвотных у гэты дзень на 13.00 на месца, дзе паўстае новая святыня і ўмацоўваюцца яе духоўныя сцены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?