Мэнэджмэнт клюбу мае намер зрабіць месца нацыянальна-арыентаваным, зь беларускамоўным абслугоўваньнем і традыцыйнай кухняй, адаптаванай да клюбнага фармату.

«Ствараем беларускасьць, але без атмасфэры сялянскай хаты»

Хоць гаспадары «Пляцоўка-хола» кажуць, што пакуль яшчэ нічога не гатова, і выгляд клюбнага памяшканьня не адрозьніваецца ад сярэднестатыстычнага, элемэнты будучага афармленьня ўжо ёсьць. На барнай стойцы і перагародках — стэнсілы ў выглядзе арнамэнту, на сталах — падрыхтаваныя плякаты, якімі аздобяць сьцены, на дзьвярах прыбіральняў — надпісы «Спадар» і «Спадарыня». Цалкам афармленьне будзе завершана пад Новы год.

Агульны выгляд «Пляцоўка-хола»

Агульны выгляд «Пляцоўка-хола»

«Мы працуем з дызайнэрамі, вырашаем, куды нанесьці нацыянальнае графіці, плякаты, палотны з арнамэнтамі. Зьбіраем дэталі па частках, каб атрымалася цэласная нацыянальная канцэпцыя. Яшчэ езьдзім па вёсках, зьбіраем ламачча — калёсы, кросны, калаўроты, іншыя бытавыя рэчы. Але мы ня будзем ствараць тут ілюзію сялянскай хаты, усе гэтыя рэчы мы ярка расфарбуем, спалучыўшы такім чынам нацыянальныя здабыткі і сучасныя тэндэнцыі. Мы хочам узяць сучасную «дзьвіжуху» і перавесьці яе ў беларускі фармат», — адзначаюць у «Пляцоўка-холе».

Афармленьне жаночай прыбіральні

Афармленьне жаночай прыбіральні

«Галоўная мэта — прасоўваньне нацыянальнага прадукту»

«Пляцоўка-хол» — забаўляльная ўстанова, мэта якой — прасунуць беларускі прадукт. Гэта пляцоўка для рэалізацыі моладзі. Цяпер, напрыклад, клюб супрацоўнічае з Інстытутам культуры — там шмат музыкаў, танцораў, мастакоў, якія могуць зарабіць грошы, заявіць пра сябе, выступаючы менавіта ў «Пляцоўка-холе». Дзьверы клюбу адчыненыя для ўсіх, але ж крытэрам для супрацоўніцтва будзе нацыянальны складнік.

Арт-дырэктар клюбу Лена Галушка паказвае здымак аднае з страваў, якія будуць падаваць у клюбе

Арт-дырэктар клюбу Лена Галушка паказвае здымак аднае з страваў, якія будуць падаваць у клюбе

«Бабка і дранікі ў клюбным фармаце»

Як у любым клюбе, у «Пляцоўка-холе» можна будзе выпіць і закусіць. У якасьці моцных напояў гасьцям прапануюць самагонку «ПершачОК», гарэлку «Сваяк» і «Сябры». Паесьці можна будзе традыцыйных дранікаў з рознымі дадаткамі, бабку і стравы ў гаршчочках. Падавацца ўсё будзе хутка, у выглядзе клюбнай закускі.

«Мы першапраходцы. Ніколі не было беларускага клюбу. Так, ёсьць «Талака», «Камяніца», але гэта кавярні, куды ідуць па ежу і дзе страва можа гатавацца хвілін 30–40. У нас зусім іншы фармат. «Пляцоўка-хол» — не для наедку. Таму мэню мы адаптавалі пад клюбны фармат — дранікі і бабкі будуць падавацца вельмі хутка, як гэта прынята ў такіх установах», — адзначаюць гаспадары.

Плякаты, якімі аздобяць сьцены

Плякаты, якімі аздобяць сьцены

«Як стварыць беларускі дэнс-мікс?»

Адзін з выклікаў, якія стаяць перад стваральнікамі беларускага начнога клюбу, — выбар музыкі. Дыджэі ламаюць галаву над тым, як прапанаваць наведнікам музыку, якая будзе беларускай і дыскатэчнай:

«На жаль, няма якаснай беларускай клюбнай музыкі. Так, ёсьць фольк — але пад яго складана рухацца, дый гэта даволі спэцыфічная музыка. Цяпер дыджэі робяць для нас танцавальныя міксы, пад якія будуць танцаваць наведнікі. І гэта складана. Таму што вельмі мала якасных беларускіх трэкаў, якія можна выкарыстоўваць. Таму ў танцавальнай праграме мы плянуем выкарыстоўваць і англамоўныя кампазыцыі. Расейскамоўныя будуць гучаць толькі ў тым выпадку, калі яны выконваюцца беларускім сьпеваком. Яшчэ ёсьць ідэя перакладаць расейскі тэкст на беларускую мову. У нас будуць вакалісты, якія змогуць сьпяваць такія пераклады, цалкам запаўняючы танцавальную праграму», — кажуць у «Пляцоўка-холе».

Арганізатары бачаць тут ня толькі рок, але і поп-канцэрты. «Беларуская папса, шчыра запрашаем. І Дарафеева, і Хлястоў, будзем рады. Але будуць і іншыя музычныя стылі. Галоўнае, каб гэта было наша, беларускае».

Арт-дырэктар «Пляцоўка-хола» Лена Галушка

Арт-дырэктар «Пляцоўка-хола» Лена Галушка

«За невыкарыстаньне беларускай мовы — жорсткія штрафы»

Плянуецца, што ўвесь пэрсанал — ахоўнікі, адміністратары, афіцыянты — будзе размаўляць па-беларуску. Калі «Пляцоўка-хол» шукаў супрацоўнікаў, то валоданьне беларускай мовай было галоўным патрабаваньнем.

«За невыкананьне гэтай умовы ў клюбе будуць вельмі жорстка штрафаваць. Ужо цяпер вядзецца праца з пэрсаналам, галоўнае патрабаваньне — валоданьне беларускай мовай. Мэню, зразумела, будзе таксама па-беларуску, але там будуць яшчэ ангельская і расейская мовы, бо сярод гасьцей у клюбе чакаюць і замежнікаў. Ну, і зразумела, што ўвесь пэрсанал будзе працаваць у вышыванках».

«На стварэньне нацыянальнага начнога клюбу натхніў Львоў»

Крэатыўная група «Пляцоўка-хола» не хавае, што чэрпае натхненьне ў крэатыўнай атмасфэры львоўскіх кавярняў і клюбаў:

«Мы захапляемся тым, як у Львове кавярні і клюбы за кошт адмысловай атмасфэры становяцца культавымі месцамі. У іх вельмі шмат клясных арт-аб’ектаў, якія ствараюць маладыя дызайнэры, мастакі вулічнага фармату. У такіх месцах хочацца фатаграфавацца, туды хочацца ехаць зноў і зноў. Там умеюць зрабіць так, каб гэта выглядала смачна. Пэрсанал там ня толькі для таго, каб прынесьці ежу і забраць аплату — там афіцыянты хутчэй нагадваюць тэатральных артыстаў, якія цябе сустракаюць, і ты адразу трапляеш усярэдзіну захапляльнага пэрформанса. І гэта насамрэч крута. І гэта тое, што мы імкнёмся стварыць у Менску».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?