22 верасня ў продаж у Барысаве і Мінску паступілі каля 700 квіткоў на футбольны матч групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і італьянскай «Ромай» (ён пройдзе 29 верасня на «Барысаў-Арэне»).
А 10-й гадзіне квіткі пачалі прадаваць у мінскім офісе «Цікетпро». Купіць іх змаглі тыя, хто займаў чаргу ад 6-й да 8-й гадзіны. Гэта менш за 100 чалавек. Неўзабаве пасля 11-й у касе білетаў не стала.
Больш за палову заўзятараў, якія стаялі ў чарзе, на футбол не патрапяць. Паколькі ў адныя рукі прадавалі не больш за два квіткі, атрымліваецца, што ў сталіцы рэалізоўвалі каля 200 білетаў. Астатнія 500 мусілі сёння прадаць у касах «Барысаў-Арэны».
Як паведамлялася, раней квіткі на ўсе хатнія матчы групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў барысаўчан былі імкліва прададзеныя. Яшчэ 700 білетаў з'явіліся пасля таго, як УЕФА адмовілася ад сваёй квоты.