Супрацоўнік УУС Магілёўскага аблвыканкама на працягу некалькіх дзён спрабуе выклікаць на допыт дачку экс-кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва Кацярыну, пры гэтым адмаўляючыся прыслаць позву, заявіў БелаПАН апазіцыйны палітык.

«Яшчэ некалькі дзён таму ёй патэлефанаваў нібыта супрацоўнік міліцыі, не назваў сябе, сказаў толькі, што імя яго Вячаслаў. Нумар яго тэлефона не вызначаўся. Ён сказаў, што яму трэба з ёю пагутарыць наконт нумара яе тэлефона, якім Каця не карыстаецца ўжо пяць гадоў і наогул ужо забылася пра яго. Больш ніякіх падрабязнасцяў гэты Вячаслаў не паведаміў», — сказаў Кастусёў.

Паводле яго слоў, на працягу апошніх дзён гэты чалавек тэлефанаваў яго дачцэ, якая зараз жыве і працуе ў Магілёве, і заяўляў пра намер прыйсці да яе на працу, калі яна не прыйдзе ў абласное УУС.

«Сёння было тэлефанаванне раніцай. І гэтым разам нумар вызначыўся. Па гэтым нумары ўжо патэлефанаваў я сам. Я назваўся і запытаў, хто ж ён такі. Наколькі я правільна пачуў, ён назваў сябе падпалкоўнікам Белазёравым. Ён адмовіўся штосьці паведаміць па тэлефоне, а калі я сказаў пра неабходнасць прысылаць у такім выпадку позву, закончыў размову», — паведаміў Кастусёў.

Апазіцыйны палітык схільны разглядаць гэтую сітуацыю як спробу праваахоўных органаў аказаць націск на яго праз членаў яго сям'і з-за яго палітычнай дзейнасці. «Хутчэй за ўсё, гэта спроба націску на мяне праз маіх сваякоў, бо я праз гэта ўжо праходзіў. Гэта было праз усіх трох дзяцей і асабіста праз мяне», — сказаў ён.

Ва УУС Магілёўскага аблвыканкама не пацвердзілі, але і не абверглі інфармацыю аб службе ў гэтым ведамстве падпалкоўніка міліцыі Вячаслава Белазёрава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?