Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч не далучыцца да сустрэчы выбаршчыкаў, якую 23 верасня на сталічнай плошчы Свабоды мае намер правесці былы палітзняволены экс-кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

«Мая стратэгія — гэта мірныя перамены. У мяне ёсць свой план на заўтрашні дзень, ён вельмі і вельмі шчыльны, таму што ў мяне і пікеты, і запісы, і сустрэчы з людзьмі», — заявіла журналістам Караткевіч 22 верасня ў цэнтры Мінска на пікеце, прысвечаным ваеннаму нейтралітэту Беларусі.

Яна падкрэсліла, што Мікалай Статкевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар стваранага грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў, якія праводзяць недазволеныя акцыі грамадска-палітычнага характару на фоне прэзідэнцкіх выбараў, «выбралі свой шлях».

«Няхай яны сустракаюцца з людзьмі і працуюць. Я ў цэлым падтрымліваю сёння любых палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў, якія не сядзяць на канапе, а ідуць і даносяць да людзей сваё меркаванне, шукаюць аднадумцаў», — сказала палітык.

Пра падрыхтоўку сустрэчы выбаршчыкаў, якая прысвечаная 21 году прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, Статкевіч аб'явіў на сумесным з Някляевым і Лябедзькам пікеце 10 верасня каля мінскага ГУМа. На гэтае мерапрыемства былы палітзняволены запрасіў і самога кіраўніка дзяржавы. Паступова палітык сфармуляваў пяць пытанняў, якія ён хацеў бы задаць Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?