23 верасня плануецца пасадка баявых самалётаў на ўчастак аўтадарогі Брэст — Мінск — мяжа РФ.

Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю «Беларускай вайсковай газеце» намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік інжынерна-аэрадромнага аддзела ўпраўлення тылу Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі палкоўнік Сяргей Кавалевіч.

«У цяперашні час выконваюцца мерапрыемствы па падрыхтоўцы аднаго з участкаў аўтамабільнай дарогі (М1/Е30), дзе 23 верасня падчас лётна-тактычнага вучэння пілоты 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы правядуць узлёт і пасадку знішчальнікаў, — распавёў Кавалевіч. — Уся адказнасць за арганізацыю працы і гатоўнасць аб'екта ўскладзена на асабісты склад 83-га асобнага інжынерна-аэрадромнага палка і 50-й змяшанай авіяцыйнай базы».

Тэлекампанія «Ваен ТБ» правядзе жывую інтэрнэт-трансляцыю пасадкі самалётаў на аэрадромны ўчастак дарогі. Сваё майстэрства прадэманструюць экіпажы Су-25 і МіГ-29. Упершыню на трасу прызямліцца ваенна-транспартны самалёт Ан-26.

Ва Упраўленні ДАІ УУС Мінаблвыканкама паведамілі БелТА, што рух усіх відаў транспартных сродкаў будзе закрыты з 9.00 да 16.00 на ўчастку дарогі М-1/Е-30.

У прыватнасці, будзе абмежаваны рух на трасе з 322-га км (развязка з аўтамабільнай дарогай Р1 Мінск—Дзяржынск) па 347-ы км (развязка з аўтамабільнай дарогай Р-23 Мінск—Мікашэвічы). Забаронены з'езд з аўтамабільнай дарогі Р-1 на аўтадарогу М-1 у напрамку мяжы Расіі, з аўтамабільнай дарогі Р-23 у напрамку Брэста, а таксама рух у напрамку Брэста ад развязкі з аўтадарогай Р-23.

Аб'езд закрытага ўчастка будзе ажыццяўляцца па аўтамабільных дарогах Р-1 Мінск—Дзяржынск, М-9 МКАД, Р-23 Мінск—Мікашэвічы і Р-65 Заслаўе—Дзяржынск—Возера. Перад пачаткам аб'ездаў закрытага для руху ўчастка будуць устаноўленыя адпаведныя дарожныя знакі, якія пакажуць маршруты аб'езду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?