Кіраўніка ствараемага грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзіміра Някляева паўторна выклікаюць у міліцыю ў сувязі з адміністрацыйнай справай аб арганізацыі несанкцыянаванага пікета ў Мінску. Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН.

Нагадаем, раніцай 22 верасня Някляеў з'явіўся ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска па позве, аднак супрацоўніка міліцыі, які выклікаў яго, не было на месцы. «Падышоў нейкі падпалкоўнік, сказаў, што супрацоўніка, які мяне выклікаў, няма на месцы, і прапанаваў пачакаць. Я адмовіўся», — сказаў Някляеў журналістам, якія чакалі яго каля будынка РУУС.

У дачыненні да Някляева вядзецца працэс аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання). Гаворка ідзе пра пікет «За сумленныя свабодныя выбары!», які прайшоў 10 верасня каля ГУМа. Пры гэтым Някляеў пакуль не падпісаў складзены ў дачыненні да яго пратакол.

Палітык паведаміў БелаПАН, што ўчора яму тэлефанавалі з РУУС і прапаноўвалі паўторна прыйсці ва ўпраўленне, на што ён адказаў, што прыйдзе толькі па новай позве. «Я ім сказаў, што не ведаю, як яны выкарыстаюць гэту «прыватную гутарку», калі я прыйду», — зазначыў Някляеў.

У сваю чаргу старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, у дачыненні да якога складзены пратакол за правядзенне 16 верасня пікета ў памяць зніклага палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, паведаміў, што пакуль у міліцыю яго не выклікалі. «Ніякіх позваў мне не прысылалі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?