Прыродаахоўная арганізацыя «Экалагічная вахта Сахаліна» заявіла, што вярнула ў фонд Леанарда Дзі Капрыа грошы, атрыманыя на захаванне заказніка «Усходні» і прылеглых да яго дзікіх рэк.

У паведамленні на сайце арганізацыі гаворыцца, што атрыманыя сродкі ў памеры 159 тысяч даляраў ужо вернутыя ў фонд. Такое рашэнне было прынята «Экавахтай Сахаліна» для таго, каб дамагчыся выключэння з рэестра замежных агентаў.

Акрамя таго, з той жа мэтай арганізацыя мае намер у бліжэйшы час вярнуць замежнай некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр дзікага ласося» 30 тысяч даляраў, атрыманых на абарону і захаванне дзікіх папуляцый ціхаакіянскіх ласосяў.

Арганізацыя настойвае, што ў міністэрства юстыцыі не было падстаў ўключаць яе ў рэестр замежных агентаў, паколькі яна не займаецца палітычнай дзейнасцю. Аднак на ўсялякі выпадак эколагі адмовіліся ад замежнага фінансавання.

Цяпер «Экавахта Сахаліна» мае намер існаваць на ахвяраванні з боку жыхароў вострава, а таксама дамагацца зняцця статусу замежнага агента праз суд. У выпадку адмовы арганізацыя паабяцала спыніць сваю дзейнасць.

Раней «Экавахта Сахаліна» ужо адмовілася ад сродкаў, атрыманых ад дабрачыннага фонду Мота, бо Савет Федэрацыі унёс яго ў неафіцыйны праект спісу непажаданых арганізацый.

«Экалагічная вахта Сахаліна» існуе з 1995 года. Спачатку яна працавала як нефармальная арганізацыя, а ў 1997 годзе была зарэгістраваная афіцыйна. Дзейнасць «Экавахты Сахаліна» накіраваная на захаванне дзікай прыроды.

Арганізацыя фінансуецца за кошт дабрачынных ахвяраванняў, грантаў і членскіх узносаў. У рэестр замежных агентаў «Экавахту Сахаліна» ўнеслі 15 верасня. Нагодай стала тое, што арганізацыя ставіць сваёй задачай ўздзеянне на органы дзяржаўнай улады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?