Беларускія рок‑музыканты праз амаль чатыры месяцы пасля іх візіту ў Адміністрацыю прэзідэнта ўсё яшчэ «адчуваюць наступствы забыцця», а не нейкія станоўчыя зрухі.

Пра гэта БелаПАН заявіў лідэр гурту «Крама» Ігар Варашкевіч, каментуючы 11 сакавіка вынікі сустрэчы музыкантаў 21 лістапада 2007 года з былым кіраўніком галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Алегам Праляскоўскім.

І.Варашкевіч зазначыў, што пакуль цяжка меркаваць, знята негалосная забарона на творчасць беларускіх рок‑музыкантаў ці не.

Нагадаем, у сустрэчы ўдзельнічалі лідэры рок‑гуртоў «Нейра Дзюбель», «Крама», «N.R.M.» і «Палац». А.Праляскоўскі паабяцаў падтрымку беларускім музыкантам, заявіўшы, што ў іх больш не будзе праблем з прасоўваннем творчасці. Цяжкасці з арганізацыяй выступаў і ратацыяй на айчынных радыёстанцыях у беларускіх гуртоў з’явіліся пасля ўдзелу ў акцыях апазіцыі.

Паводле слоў І.Варашкевіча, на 23 сакавіка ў сталічным клубе «Гудвін» плануецца вялікі сольны канцэрт «Крамы».

«Аднак у буйныя залы мы пакуль не спрабавалі трапіць», — зазначыў ён.

Лідэр гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч прызнаўся, што ў творчасці калектыву нічога не змянілася: музыканты «як ігралі, так і граюць». Разам з тым ён зазначыў, што 17 лютага гурту ўдалося правесці вялікі канцэрт у клубе «Гудвін». На цырымоніі «Рок‑каранацыя — 2007», нагадаем, гурт «Нейра Дзюбель» прызнаны пераможцай.

«Я не шкадую аб візіце ў Адміністрацыю прэзідэнта. Яшчэ раз паўтару: нас ніхто ні аб чым не прасіў», — сказаў музыкант.

Лідэр гурту «N.R.M.» Лявон Вольскі таксама лічыць, што пасля наведвання Адміністрацыі прэзідэнта беларускім рок‑гуртам не перашкаджаюць у арганізацыі канцэртаў.

«Спыніліся тэлефанаванні адміністрацыі клубаў з патрабаваннямі адмяніць канцэрт, — зазначыў ён. — Датычна гэтага сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Застаецца пытанне, ці надоўга?»

У той жа час, паводле яго слоў, на большасці радыёстанцый творчасць беларускамоўных каманд па‑ранейшаму з’яўляецца «нефарматам».

«Але гэта іх справа, справа ўнутранай цэнзуры радыёстанцыі», — сказаў ён.

Тацяна Дарашчонак, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0