Штотыдзень, па серадах арганізатары збіраюцца ладзіць сустрэчы з беларускімі інтэлектуаламі, навукоўцамі, культурнымі дзеячамі, каб разам з імі разважаць над самымі рознымі гуманітарнымі, сацыяльнымі і культурнымі праблемамі. Арганізатары спадзяюцца, што гэтыя лекцыі стануць часам і месцам пастаноўкі важных для мыслення пытанняў і супольнага пошуку адказаў на іх, аспрэчвання пазіцый, крытыкі падыходаў, цікавых інтэлектуальных і культурных вынаходніцтваў.

Свае «галоўныя пытанні» паставяць перад слухачамі Уладзімір Мацкевіч,Алесь Смалянчук, Ігар Бабкоў, Таццяна Вадалажская, Алесь Разанаў, Вячаслаў Бабровіч, Аксана Шэлест, Міхась Баярын, Святлана Карасёва, Ірына Махоўская, Алег Дзярновіч,Міхал Анемпадыстаў.

Афіцыйнае адкрыццё сезону лекцый адбудзецца 30 верасня ў Галерэі Ў (пр-т Незалежнасці, 37а). З прамовай «Што можна ведаць пра непрадказальнае, або што мы ведаем пра будучыню?» выступіць філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Пачатак а 18.30. Уваход вольны.

Наступныя лекцыі гэтай серыі, пры тым што застаюцца адкрытымі, будуць абавязваць слухачоў да папярэдняй рэгістрацыі. Гэта можна зрабіць, запоўніўшы ЗАЯЎКУ альбо напісаўшы ліст нашаму каардынатару. Больш падрабязную інфармацыю пра лекцыі – расклад, тэмы, умовы ўдзелу – шукайце на нашым сайце: www.fly-uni.org. Падпісацца на рассылку анонсаў, задаць пытанні, удакладніць дэталі можна таксама ў нашага каардынатара: [email protected]; +375297422040 (Юлія). У тэме ліста просьба пазначаць назву серыі «Галоўнае пытанне».

Расклад бліжэйшых лекцый:

7 кастрычніка - Алесь Смалянчук «Пасляваенная калектывізацыя ў Заходняй Беларусі ў асвятленні вуснай гісторыі» (вынікі першай экспедыцыі Беларускага архіва вуснай гісторыі, прысвечанай калектывізацыі)

14 кастрычніка - Ігар Бабкоў «Пасля філасофіі»

21 кастрычніка -Вячаслаў Бабровіч «Супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы»

28 кастрычніка - Алесь Разанаў (тэма вызначыцца пазней)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0