Буйны расейскі выдавецкі холдынг «АСТ Масква» мае намер набыць частку пакета акцыяў ААТ «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа», паведаміў міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч. Акрамя таго кампанія мае намер укласьці ў рэканструкцыю паліграфкамбіната 7,5 млн. эўра.

Нагадаем, што інфармацыя пра магчымы продаж паліграфкамбіната імя Я.Коласа расейцам зьявілася ў студзені бягучага году. Першапачаткова гендырэктар паліграфкамбіната Валерый Германаў казаў пра продаж расейцам кантрольнага пакету акцыяў.

Паліграфічны камбінат імя Я.Коласа заснаваны ў Менску ў 1956 годзе. Прадпрыемства спэцыялізуецца на выпуску кніжнай прадукцыі. Цяпер выпускае ў год да 2.700 найменьняў кніг і брашур агульным накладам больш за 30 млн. асобнікаў. Акцыянаваньне адбылося ў 2003 годзе. Доля дзяржавы ў статутным фондзе — 94,8%. Гэта адзінае паліграфічнае прадпрыемства ў Беларусі, якое ў 2002 годзе атрымала сэртыфікат адпаведнасьці патрабаваньням СТБ ІСО 9002‑96. Кампанія «АСТ» разьмяшчае на паліграфкамбінаце больш як 80% замоваў, што забясьпечвае працай 800 чалавек.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0