Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што зайздросціць людзям, якія загінулі ў час хаджу ў даліне Міна каля Мекі, паколькі яны памерлі ў святым для мусульман месцы.

«Яны памерлі ў самы святы дзень, у самым святым для мусульман месцы, таму яны вельмі шчаслівыя людзі, мы ім зайздросцім. Дай Алах, каб мы іх сустрэлі ў раі», — заявіў ён Рускай службе навін.

Па словах Кадырава, тое, што здарылася ў Міне, можна ахарактарызаваць як трагедыю, але ў той жа час кожны мусульманін, які здзяйсняе хадж у Саудаўскую Аравію, марыць памерці там.

«Алах даруе ўсе грахі тым, хто памёр, здзяйсняючы хадж. Кожны мусульманін хоча ўбачыць Алаха. То бок, гэта і трагедыя, і вялікі падарунак ад Усявышняга», — сказаў кіраўнік Чачні.

Цісканіна падчас хаджу ў даліне Міна адбылася ў чацвер, у першы дзень святкавання Курбан-Байрама. У выніку загінулі па меншай меры 717 чалавек, паведамляе саудаўская служба грамадзянскай абароны ў «Твітары». Яшчэ 805 чалавек пацярпелі.

Цісканіна падчас хаджу адбываецца ў даліне ўжо не ў першы раз. Звычайна гэта здараецца падчас абраду закіддання камянямі слупа, сімвалізуючага сатану.

Найбольшая колькасць ахвяр было зафіксавана ў 1990 годзе. Тады загінулі амаль паўтары тысячы чалавек.

Пасля цісканіны 2006 года, у якой загінула больш за 300 чалавек, месца, дзе праводзіцца рытуал, было істотна рэканструявана. У наступныя дзевяць гадоў сур'ёзных здарэнняў падчас хаджу не фіксавалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?