У Беларусі затрыманы экс-начальнік кіравання па Маскоўскай вобласці судовага дэпартамента пры Вярхоўным судзе Валерый Кузьміч і яго намеснік па фінансах Яўген Цітоў. Абодва абвінавачваюцца ў маштабных крадзяжах бюджэтных сродкаў, якія выдзяляліся на аплату паслуг перакладчыкаў. Пра гэта паведамляе газета «Коммерсант».

Абодва фігуранты расійскай крымінальнай справы былі абвешчаныя ў міжнародны вышук. Басманны суд Масквы завочна выдаў санкцыю на іх арышт.

Яны абвінавачваюцца ў шматмільённых крадзяжах сродкаў, якія выдзяляліся на аплату працы перакладчыкаў у судах Маскоўскай вобласці. Па версіі следства, праз фірму «Рабікон-К» наймалі перакладчыкаў для судоў і праз гэтую кампанію аплачваліся іх паслугі. У перыяд з лютага 2010 года па люты 2015 года судовае кіраванне па Маскве выдзеліла на аплату паслуг перакладчыкаў 1,4 млрд расійскіх рублёў (каля 21 мільёнаў даляраў на сённяшні дзень, без уліку дэвальвацыі расійскага рубля — TUT.BY), якія былі пералічаныя на рахункі «Рабікона-К». На самай справе за сваю працу ў судах перакладчыкі атрымлівалі літаральна капейкі, а рашэнні аб выплаце ім буйных сум зламыснікі падраблялі. З кампаніі грошы сыходзілі на рахункі двух ТАА, затым — яшчэ на рахункі некалькіх фірмаў, у тым ліку і ў афшоры. Сляды выкрадзеных сродкаў былі выяўленыя ў Сінгапуры і на Кіпры.

Па інфармацыі «Коммерсанта», Валерый Кузьміч і Яўген Цітоў былі затрыманыя супрацоўнікамі КДБ Беларусі практычна адразу ж пасля перасячэння мяжы. Мабільныя тэлефоны, якімі карысталіся былыя чыноўнікі, знаходзіліся на праслухоўцы расійскіх спецслужбаў, якія папярэдзілі пра іх прыезд беларускіх калег. У Расею былыя чыноўнікі будуць экстрадаваныя ўжо ў найбліжэйшы час.

Па некаторых дадзеных, Валерый Кузьміч і Яўген Цітоў прыбылі да сваякоў у Беларусь з Італіі, дзе жылі ў апошні час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?