Аўтамабіль, які прыняў
на сябе асноўны ўдар.
Фота — «Автобизнес-Weekly»

Каб спыніць п'янага кіроўцу, які нёсься па трасе Менск-Мікашэвічы з хуткасьцю 180 км/г і 40 хвілінаў уцякаў ад міліцыянтаў са Слуцку ў кірунку сталіцы, інспэктары ДАІ перагарадзілі дарогу легкавымі аўтамабілямі, не высадзіўшы адтуль людзей. Пры гэтым яны ня выкарысталі ўласныя машыны, паведамляе газэта «Автобизнес-Weekly».

Нумар газэты мае выйсьці ў чацьвер 13 сакавіка.

Здарэньне адбылося 2 сакавіка на 8-м кілямэтры трасы Менск-Мікашэвічы.

Паводле газэты, каб спыніць парушальніка, што на вялікай хуткасьці на працягу 40 хвілінаў уцякаў ад міліцыянтаў са Слуцку ў кірунку Менску, інспэктары ДАІ перагарадзілі дарогу легкавымі аўтамабілямі.

Са словаў людзей, што знаходзіліся ў машынах, ім проста загадалі спыніцца на дарозе кожнаму ў сваёй паласе і не дазволілі выйсьці з аўто. Парушальнік жа на «Фальксвагене Гольфе» не спыніўся і на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў адзін з аўтамабіляў і зачапіў другі. У аўтамабілі, на які прыйшоўся самы моцны ўдар, знаходзілася трохгадовае дзіця.

У выніку сутыкненьня некалькі чалавек пацярпелі, адзін зь іх атрымаў чэрапа-мазгавую траўму. Пацярпелыя сьцьвярджаюць, што ДАІшнікі мелі два спэцаўтамабілі, але не скарысталіся імі. Пацярпелыя зьвярнуліся ў Цэнтар правоў чалавека да яго кіраўніцы адвакаткі Веры Страмкоўскай.

Адвакатка паведаміла nn.by, што ў аўторак 11 сакавіка ўдзельнікі ДТЗ зьвярнуліся да пракурора Менску са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ. Паводле яе слоў, афіцыйнай рэакцыі з боку ДАІ пакуль няма.

Ва Ўправе ДАІ Менскай вобласьці карэспандэнту «НН» параілі зьвярнуцца ў аддзел агітацыі і прапаганды. Супрацоўнік аддзелу адказаў, што інцыдэнтам займалася ДАІ гораду Менску. Дзяжурны менскага гарадзкога ДАІ паведаміў, што трэба зьвяртацца ў аддзел агітацыі і прапаганды, маўляў, там будуць усё ведаць. Супрацоўніца аддзелу заявіла, што пра аварыю на 8‑м кілямэтры трасы Менск‑Мікашэвічы даведалася ад журналістаў, якія сёньня пачалі званіць. Паводле яе словаў, 8‑ы кілямэтар вышэйпамянёнай дарогі адносіцца да кампэтэнцыі абласной управы ДАІ, а таму па камэнтары трэба зьвяртацца да менавіта туды. Кола замкнулася.

Кіроўца аўто, за якім гналіся ДАІшнікі, атрымаў цялесныя пашкоджаньні і знаходзіцца ў адной зь менскіх больніц. Пацярпелі таксама трое ягоных пасажыраў. Кіроўца раней прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці, у тым ліку і за кіраваньне аўтамабілем без вадзіцельскага пасьведчаньня.

Супрацоўнікі ДАІ не спрабавалі стварыць шчыт зь легкавых аўтамабіляў грамадзян на трасе Менск—Мікашэвічы. Пра гэта сёньня заявіў на брыфінгу намесьнік Упраўленьня Дзяржаўтаінспэкцыі МУС палкоўнік Ігар Ваніцкі.

Паводле ягоных словаў, сутыкненьне аўтамабіля «Фальксваген Гольф», за рулём якога ехаў п’яны кіроўца, з машынамі людзей, што ехалі ў Менск, а таксама аўтамабілямі супрацоўнікаў ДАІ, адбылося ў выніку таго, што кіроўцы грамадзянскіх аўто, спыніўшы свае транспартныя сродкі, няправільна зразумелі жэст супрацоўніка ДАІ, які патрабаваў працягваць рух у кірунку Менску.

БЕЛТА

Тым часам кіраўнік Міністэрства ўунутраных спраў Уладзімер Навумаў заявіў пра гатоўнасьць пакараць супрацоўнікаў ДАІ, якія паставілі пад сьмяротную пагрозу жыцьцё людзей, паведамляе «Інтэрфакс».

«Неўзабаве матэрыялы разгляду па дадзеным факце, якое праводзіцца ў рамках МУС, будуць перададзеныя ў пракуратуру. Адначасова пракуратура вядзе разгляд у сувязі са зваротам пацярпелых у дадзеным інцыдэнце грамадзян. Калі вінаватымі апынуцца супрацоўнікі ДАІ, яны будуць, безумоўна, пакараныя", заявіў міністар.

Здарэньне актыўна абмяркоўваецца на форуме сайту газэты «Автобизнес-Weekly» і на старонцы інтэрнэт-суполкі Minsk_by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?