Праваахоўнымі органамі перакрыты найбуйнейшы канал пастаўкі «шэрых» аўтазапчастак у Беларусь, паведамляе УУС Мінаблвыканкама. 

Некаторы час таму супрацоўнікамі АБЭЗ Мінскага РУУС і органаў пагранічнай службы падчас мерапрыемстваў па абароне ўнутранага спажывецкага рынку была атрыманая інфармацыя аб тым, што пад Мінскам працуе склад па продажы запчастак для легкавых машын, дзе рэалізуюцца дэталі, увезеныя ў краіну па «шэрых» схемах, г. зн. без выплаты неабходных мытных плацяжоў. 

Як высветлілася ў часе папярэдняй праверкі, каля года таму ў сталіцы была зарэгістраваная фірма па продажы запчастак. Пад Мінскам прадпрымальнікі арандавалі вялікае складское памяшканне, на вядомых беларускіх тэматычных сайтах размясцілі аб'яву аб продажы па ўмераных цэнах дэталей для хадавых інамарак, заяўкі прымалі па тэлефонах, аператыўна дастаўляючы пакупнікам заказаныя тавары. Разлік вёўся наяўнымі сродкамі. 

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі ўстаноўленыя яшчэ два аналагічныя склады, размешчаныя у Пінску і Драгічыне, якія належалі тым жа гаспадарам і працавалі па такой жа схеме. Калі інфармацыя пацвердзілася і быў зафіксаваны факт перасячэння мяжы фурай з чарговай партыяй тавару, да аперацыі падключыліся інспектары ІМПЗ па Мінскай вобласці, якія сумесна з супрацоўнікамі АБЭЗ і памежнікамі ажыццявілі кантрольную закупку запчастак у Мінскім раёне, а затым і ў Брэсцкай вобласці. Як і меркавалася, прадпрымальнікі не змаглі падаць на прадукцыю дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць паступлення тавараў у краіну, а таксама іх бяспеку і якасць. 

Усяго быў накладзены арышт на тавар агульным коштам больш за 3 млрд. рублёў. 

У дачыненні да ўладальнікаў бізнесу былі складзеныя пратаколы па ч. 4 арт. 12.17 КоАП (парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву). 

Днямі рашэннем Эканамічнага суда Мінскай вобласці дзве з трох партый тавару былі накіраваныя ў даход дзяржавы, разгляд яшчэ адной справы чакаецца ў найбліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?