sputnik.by

sputnik.by

У сярэдзіне кастрычніка беларускія ўлады абнародуюць праграму структурных рэформаў на 2016—2020 гады. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны 25 верасня на Расійскім нацыянальным банкаўскім форуме, які праходзіць у Мінску.

Паводле яго слоў, праграму рыхтуюць ўрад і Нацбанк. «У аснову праграмы на наступную пяцігодку будуць пакладзены структурныя рэформы і новыя падыходы, якія тычацца функцыянавання нашых прадпрыемстваў», — сказаў Надольны.

Ён паведаміў, што новыя падыходы прадугледжваюць скарачэнне выдаткаў, павышэнне эфектыўнасці, а таксама змяненне механізму рэгулявання дзейнасці прадпрыемстваў.

«Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб падзеле функцый органаў дзяржкіравання, якія рэгулююць дзейнасць прадпрыемстваў і адначасова выконваюць функцыі ўласніка», — адзначыў Надольны.

Першы намеснік старшыні Нацбанка нагадаў, што дзяржаве ў Беларусі належыць каля 65% прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, у мінулыя гады падтрымка рэальнага сектара ажыццяўлялася за кошт стымулявання ўнутранага попыту, што спараджала дысбалансы ў эканоміцы.

«Карэкціроўка ўнутранага попыту ажыццяўлялася за кошт дэвальвацыі. Такім чынам мы спрабавалі «астудзіць» эканоміку. Для Беларусі — гэта не выйсце, бо дэвальвацыя раскручвае інфляцыйную спіраль», — заўважыў Надольны.

Ён даў зразумець, што палітыка абмежавання грашовай прапановы, якая праводзіцца ў гэтым годзе, дазваляе не дапусціць праблемы ў плацежным балансе краіны.

«Бягучы рахунак плацёжнага балансу мы чакаем на ўзроўні мінус 2% ВУП. Гэта нармальная сітуацыя для краін, якія развіваюцца. Гэта той узровень, якім мы можам пакрываць дзякуючы фінансаваму рахунку. Многія краіны нармальна жывуць з такім дэфіцытам бягучага рахунку плацёжнага балансу», — рэзюмаваў Тарас Надольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?