Кадр з фільма.

Кадр з фільма.

Учора, 24 верасня, у Мінску адбылася прэм'ера фільма «Мы, браты», таксама вядомага як «Авель».

На першы паказ з'ехалася палова Міністэрства культуры і прадстаўнікі мінскага бамонду. Перад уваходам у кінатэатр «Масква» пасцялілі чырвоны дыван, а акцёры, падсвечаныя лямпамі з тэлекамер, расказвалі ў інтэрв'ю пра «рускую душэўнасць», закладзеную ў фільме.

«Гэта мастацтва, гэта кіно, вы зразумееце, пра што я», — запэўніваў са сцэны прадзюсар фільма Сяргей Ждановіч.

Потым прысутным паказалі кранальныя звароты амерыканскіх акцёраў, якія «не здолелі прыехаць» у Мінск.

Адзіны, хто прайшоўся па чырвонай дарожцы афіцыйна і нават некалькі разоў — Аляксей Хлястоў, выканаўца саўндтрэку да фільма, піша tut.by.

Адзіны, хто прайшоўся па чырвонай дарожцы афіцыйна і нават некалькі разоў — Аляксей Хлястоў, выканаўца саўндтрэку да фільма, піша tut.by.

Апроч іх, не з'явіліся і сцэнарыст з рэжысёрам, што выглядала даволі дзіўна для прэм'еры «нацыянальнага кінапраекта». Зрэшты, пасля прагляду усё стала на месца, бо калі б яны былі на паказе, адшукалася б нямала ахвотных падысці да гэтых людзей і спытацца, а за што тут заплацілі некалькі мільёнаў даляраў з нашых кішэняў?

Акцёры фільма, прадзюсер і міністр культуры Барыс Святлоў.

Акцёры фільма, прадзюсер і міністр культуры Барыс Святлоў.

Пачынаецца фільм з застаўкі «На замову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Усе падзеі выдуманыя, супадзенні выпадковыя». Далей цытуецца Біблія, пасля чаго ў кадры з'яўляюцца сіліконавыя вусны галоўнай гераіні.

Зварот амерыканскага акцёра, які не здолеў прыехаць на прэм'еру і жэстамі паказвае, што фільм атрымаўся.

Зварот амерыканскага акцёра, які не здолеў прыехаць на прэм'еру і жэстамі паказвае, што фільм атрымаўся.

Амерыканская журналістка разам з сябрам сядзіць у кавярні правінцыйнага мексіканскага горада, тут жа нейкі мужык палівае сябе бензінам і падпальвае. Яны кідаюцца да яго, але пад'язджае машына, у якую журналістку пачынаюць «пакаваць». Яе сябра ў гэты час заўзята адбіваецца ад зладзеяў, ламаючы ім сківіцы, але не паспявае выратаваць сяброўку і кідаецца ў пагоню, падчас якой тараніць і перакульвае машыны зламыснікаў. Беспаспяхова.

Пасля пары хвілін экшну гледачу прапануюць азнаёміцца з сюжэтам —

нейкая жанчына даводзіць «журналістцы», што ў свеце існуюць кепскія «каініты» і добрыя «авеліты». Трэба перапраграмаваць усіх каінітаў, бо тыя запраграмаваныя на самазнішчэнне. У адваротным выпадку яны будуць пладзіцца і надыдзе свету канец.

Пасля гэтага журналістка (якую нібыта скралі) невядома як прачынаецца ў сваім ложку у Лос-Анджэлесе ад тэлефанаванняў невядомых, якія маўчаць у слухаўку.

Ужо праз 10 хвілін прагляду рука рэфлекторна намацоўвае пульт і не пакідае адчуванне, што глядзіш нейкі трэцегатункавы баявік на НТВ.

Тут глядач пераносіцца ў Мінск, дзе прэзідэнцкая ахова, сярод якой два браты, п'е піва ў пабе.

Потым з'яўляецца эфектная дзяўчына «малодшага» брата, якую ён адразу пачынае раўнаваць да «старэйшага», якога запрашае згуляць у більярд і саступае. Пасля гэтага «малодшы» вылятае з паба, загадаўшы дзеўчыне не чапаць яго.

«Старэйшы» ж садзіць дзяўчыну на таксі і з'язджае разам з ёй. На наступны дзень, падчас скачкоў з верталёта, «старэйшы» расказвае ўсім, што ўчора ехаў дадому разам з жанчынай, а што было далей расказваць не трэба — усё і так зразумела. Усё! Канфлікт паміж братамі створаны! Большую частку фільма гаварыць паміж сабою яны не будуць.

І вось тут пачынаецца вінегрэт, у якім намацаць сюжэтную лінію проста немагчыма. Прынамсі ў мяне за 2 гадзіны зрабіць гэта не атрымалася.

Тут табе і ЧС па хакеі, і макеты зуброў, і Мінск-Арэна, і Нацыянальная бібліятэка, і кадры, у якіх цяжка не разгледзець адсылкі да падзеяў на Плошчы ў 2010 годзе ды тэракта ў метро.

Самі ж героі робяць ніяк не патлумачаныя дзеянні — кагосьці шукаюць, забіваюць, бегаюць… Няма сумневаў, што Мінкульт проста даў заданне здымачнай групе пад пэўным градусам паказаць большасць падзей і «дасягненняў» нашай найноўшай гісторыі, а кіношнікі не асабліва клапаціліся пра трапнасць і рэалізацыю.

Кадр з «мітынгоўцамі». Што ўвогуле адбываецца ў краіне, не тлумачыцца. 

Кадр з «мітынгоўцамі». Што ўвогуле адбываецца ў краіне, не тлумачыцца. 

А вось кадры, дзе натоўп штурмуе будынак, у якім сядзіць выбарчая (?) камісія. Чаму бунтуюць гэтыя людзі і чаго яны хочуць? Незразумела для чаго ў фільм уводзіцца і абстрактны «прэзідэнт», які па тэлефоне загадвае то пачаць аперацыю «Шчыт», то аперацыю «Цэнтрыфуга», падчас якой спецназ пачынае збіваць і затрымліваць людзей.

Пры гэтым ніякай сюжэтнай нагрузкі сцэны з пратэстамі не нясуць і паўстае пытанне, навошта гэта ўвогуле паказваецца?

Потым шакуюць буйныя планы з пульсуючымі вантробамі пацярпелых ад «тэракта».

Калі б сярод маіх родных былі ахвяры выбуху ў мінскім метро, аналогія з якім навідавоку, я б успрыняў гэта як непрыкрыты здзек з памяці людзей.

Хіба выпадковыя пасажыры тады загінулі праз разборкі «авелітаў» і «каінітаў»? І калі аўтары хацелі паказаць беларускі боль, то ўдалося так кепска, што лепш бы яны гэтага не рабілі.

Таксама ў фільме прысутнічаюць праграмісты і Белазы. Прадстаўленне апошніх нічым не адрозніваецца ад рэкламы, калі амерыканская журналістка штучна робіць «Ваў», убачыўшы беларускую машыну, пасля чаго Белаз пачынае душыць людзей…

Тым часам «старэйшы» брат, па сумяшчальцтве начальнік аховы прэзідэнта, пагаджаецца дапамагчы амерыканцы шукаць «каініта» у Беларусі.

Увогуле фільм цалкам кампраметуе службу аховы прэзідэнта — паводле «Мы, браты», гэтых спецназаўцаў можна лёгка «вырубаць» кулакамі, спакусіць на сэкс, яны вераць у розную лухту пра «авелітаў», садзяцца за стырно п'янымі, а мроя маёра-камундуючага — гэта на «Бэнтлі» катацца па Малібу ў ЗША разам з жанчынамі. Смех, дый годзе.

З улікам таго, што «Мы, браты» уяўляе сабою ланцужок нічым не звязаных сумбурных кадраў і прымітыўных дыялогаў узроўню «Оў, я так баюся ночыць адна, паехалі да цябе?», ён прымушае задушваць у сябе пазяханне праз паўгадзіны прагляду. А каб не дарагія і добраадзнятыя спецэфекты, то і праз 20.

Канчаецца ж фільм расповедам «злога» амерыканца пра прагу да таннай нафты і кантролю над людзьмі.

Пасля фінальных цітраў застаецца пытанне «а што я толькі што паглядзеў»? І навошта? 

«Гэта называецца «нацыянальны кінапраект»? У мяне кожная сцэна выклікала пытанне, ці ёсць тут складнікі мастацтва. Такое ўражанне, што Міністэрства культуры за грошы падаткаплатнікаў фінансуе замежных порназорак, — сказаў у кулуарах сцэнарыст Андрэй Курэйчык. — Састарэлая, але юрлівая Наташа Алам з адтапыранай дупай — вось твар «нацыянальнага кінапраекта». Што мне паказалі? Я нічога не зразумеў. Бачна толькі, што здымаў каскадзёр — людзі ўвесь час падаюць, гараць і паміраюць. Ну што тут сказаць, каскадзёр зняў, як умеў, гэта смешна. Не смешна толькі тое, што на гэта выдаткавана некалькі мільёнаў бюджэтных даляраў. І не смешна таксама тое, што здымкі праходзілі на месцах рэальных трагедый — на «Кастрычніцкай» і на Плошчы. Гэта жах», — падсумаваў агульныя ўражанні ад гэтага твора Курэйчык.

Больш тут дадаць няма чаго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?