Беларуская чыгунка пачала працы па электрыфікацыі ўчастка Маладзечна — Гудагай — дзяржаўная мяжа з Літвой. Калі тут можна будзе пусціць электрычку, час у шляху паміж Мінскам і Вільняй скароціцца да дзвюх гадзін, абяцаюць чыгуначнікі.

«Пасля завяршэння электрыфікацыі стануць яшчэ бліжэй адно да аднаго жыхары дзвюх еўрапейскіх сталіц — Мінска і Вільні, а час у шляху паміж імі скароціцца да дзвюх гадзін», — заявіў начальнік БЧ Уладзімір Марозаў, паведамляе прэс-служба БЧ.

Працягласць участка ад Маладзечна да мяжы з Літвой — 84 кіламетры. Цалкам электрыфікаваць яго плануюць да канца 2016 года.

Літоўскія чыгункі цяпер ажыццяўляюць падобны праект са свайго боку: вядуць электрыфікацыю ўчастка ў 30 кіламетраў ад станцыі Новая Вільня да мяжы з Беларуссю.

Чыгуначнікі адзначаюць, што новаўвядзенні прынясуць карысць не толькі пасажырам, якія змогуць хутчэй дабірацца ў Вільню. Электрыфікацыя ўчастка дазволіць стварыць «магутны і тэхналагічны транспартна-лагістычны комплекс для транзіту грузапатокаў з Поўначы на Поўдзень, Усходу на Захад. У перспектыве ён стане важным складнікам стваранага Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, павысіць транзітную прывабнасць міжнародных транспартных калідораў, якія праходзяць праз тэрыторыю нашай краіны».

У апошнія пяць гадоў БЧ электрыфікавала ўчастак Жлобін — Асіповічы (107,2 км), набліжаецца да завяршэння электрыфікацыя ўчастка Гомель — Жлобін (86 км).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0