«Праблема з мігрантамі так ці інакш закране Беларусь», — лічыць кандыдат у прэзідэнты Сяргей Гайдукевіч. Аб гэтым ён заявіў падчас свайго другога перадвыбарнага выступлення па канале «Беларусь-1» 25 верасня. 

Паводле яго слоў, сітуацыя з мігрантамі з Сірыі і ў цэлым арабскага рэгіёну абвастрыла сацыяльна-палітычнае становішча ў Еўрасаюзе. «Відаць, наколькі неабходна, нягледзячы на інтэграцыйныя працэсы, не размываць дзяржаўныя межы і праводзіць сваю нацыянальную палітыку», — адзначае ён. 

Гайдукевіч лічыць, што частка бежанцаў пад націскам акалічнасцяў можа накіравацца на Усход. «Акрамя гэтага, паток мігрантаў праз Беларусь у Еўрапейскі Саюз ужо ідзе, ён быў заўсёды. Рэспубліка спраўляецца, бо з'яўляецца транзітам для мігрантаў, а можа стаць мэтай. Таму ў гэтым пытанні трэба ўзаемадзейнічаць з Захадам, выпрацоўваць стратэгію з улікам магчымых кардынальных змяненняў. Нельга дапусціць наплыву эмігрантаў у нашу краіну», — сказаў ён. 

Пагроза радыкалізацыі мігрантаў у Еўрапейскім Саюзе «стаіць на парадку дня» лічыць Гайдукевіч. Пры гэтым, падкрэсліў ён, ніхто не можа даць «стопрацэнтную гарантыю, што ў Еўропу не праніклі ці не пранікнуць баевікі ці спачуваючыя ІДзІЛ або іншым тэрарыстычным арабскім групоўкам». 

«Супрацоўніцтва па пытаннях бяспекі, барацьбы з тэрарызмам павінна набіраць абароты. Мы адкрытыя для барацьбы з сусветным злом. Падтрымліваем любую разумную ініцыятыву, якая не ўшчамляе інтарэсы беларускай дзяржаўнасці», — сказаў кандыдат у прэзідэнты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?