Колькасць ахвяр цісканіны ў даліне Міна блізу Мекі дасягнула дзвюх тысяч, паведаміў кіраўнік арганізацыі хаджу ў Іране Саід Ахадзі са спасылкай на крыніцы ў Саудаўскай Аравіі. Пра гэта паведамляе ria.ru cа спасылкай на тэлеканал PressTV.

Паводле афіцыйных дадзеных саудаўскага боку, цісканіна прывяла да гібелі 717 чалавек, раненні атрымалі як мінімум 863. Аднак дадзеныя лічбы былі апублікаваныя днём у чацвер, новай інфармацыі пра колькасць ахвяр пакуль няма.

У сваю чаргу прадстаўнік Вярхоўнага лідара Ірана Хаджаталеслам Сеед Алі Газі-Аскар заявіў, што пасля цісканіны блізу Мекі не менш за 365 іранскіх паломнікаў прапалі без вестак. Раней Ахадзі паведаміў пра 131 ахвяру сярод іранцаў.

Улады Ірана ў чацвер абвясцілі трохдзённую жалобу ў памяць аб ахвярах цісканіны. Акрамя таго, аятала Алі Хаменеі заявіў, што прычынай трагедыі сталі «халатнасць» і «некарэктныя дзеянні» ўладаў Саудаўскай Аравіі.

Трагедыя ў даліне Міна адбылася раніцай у чацвер. Два велізарныя патокі паломнікаў сутыкнуліся на невялікай плошчы ў месцы зліцця двух вуліц, якія вядуць ад намётавых мястэчкаў да месца выканання аднаго з найважнейшых абрадаў хаджу — «пабівання камянямі д'ябла». Наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бен Наеф Аль Сауд распарадзіўся стварыць камісію па расследаванні прычын цісканіны падчас хаджу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0