Я з вялікай увагай прачытаў публікацыю Мікалая Янкойця, якую перадрукавала «НН» з сайта «Kyky.org».

І вось чаму.

Калісьці нехта Замяталін сказаў пра мяне, што я — правінцыйны школьны настаўнік. Я ганаруся гэтым званнем і не хаваю гэтай старонкі сваёй біяграфіі — як, зрэшты, і любой іншай старонкі. Пяць гадоў працы ў сярэдняй школе сталі школай для мяне самога. Добрай школай. І быў я, як сцвярджаюць мае выпускнікі, не самым дрэнным настаўнікам.

У гэтай якасці мне давялося некалькі разоў удзельнічаць у абмеркаванні праектаў школьных праграм па літаратуры, якія праходзілі па ініцыятыве Міністэрства адукацыі БССР, а потым ужо Рэспублікі Беларусь. Магу сказаць, што палеміка ішла не жартоўная: галоўны заказчык праграмы — дзяржава — не давала адказу на пытанне, навошта ў школе выкладаць літаратуру. Адказ на яго азначаў бы адказ і на іншыя пытанні — колькі гадзін і ў якіх класах неабходныя, якіх пісьменнікаў і якія творы вывучаць і ў якім аб'ёме. А дзяржава адказу на яго не давала. І не дае.

Не дае, бо спачатку трэба вызначыцца ў прынцыпе, які чалавек патрэбен суверэннай Рэспубліцы Беларусь.

А сапраўды — які?

Сёння пануе канцэпцыя дэлегавання права распараджацца сваім матэрыяльным дабрабытам, свабодай і нават жыццём — дзяржаве. Так бы мовіць, «радзіма чуе, радзіма ведае …». Дзяржаве сёння — на яе думку — патрэбныя паслухмяныя работнікі, якія не прэтэндуюць на свабоду выбару.

Адсюль пастаяннае зніжэнне ролі гуманітарных ведаў у адукацыйным працэсе. Адсюль прыніжэнне гуманітарных ведаў у універсітэцкай і акадэмічнай навуцы.

Скарачэнне гадзін, зліццё кафедраў, факультэтаў і акадэмічных інстытутаў — гэта ўсё адтуль. Любы аўтарытарны і ксенафобскі рэжым закрывае дзверы літаратуры, гісторыі, філасофіі, кажучы: гэта — лішняе.

Правільна: калі патрэбы чалавека зводзяцца да чаркі і скваркі, Кант і Стэндаль яму не патрэбныя.

Руская літаратура ў якасці самастойнага прадмета засталася беларускай школе ў спадчыну ад школы савецкай. Тады гэта здавалася апраўданым і разумным. Не было ні падручнікаў, ні праграм, ні перакладаў на беларускую мову абавязковага для культурнага чалавека комплексу тэкстаў сусветнай класікі. Але прайшло дваццаць з лішнім гадоў. Над словамі аднаго з дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання пра тое, што «пасадзіў студэнтаў — яны перакладуць!» ужо можна не смяяцца: вырасла вялікая школа перакладчыкаў з асноўных сусветных моў на беларускую мову.

Так што тэарэтычна сусветную літаратуру можна выкладаць не толькі на рускай, але і на беларускай (пераважна, пакуль ёсць не перакладзеныя тэксты) мове.

А сабраная Міхасём Скоблай анталогія «Галасы з-за небакраю» паказвае, што гісторыю сусветнай паэзіі ўжо сёння можна выкладаць па-беларуску.

Пытанне абмежавання гуманітарнай падрыхтоўкі вялікімі тэкстамі рускай літаратуры немагчыма звесці да барацьбы з канцэпцыяй агрэсіўнага «рускага свету»: не ўкладваюцца ў гэтую канцэпцыю ні «Яўген Анегін», ні «Герой нашага часу», ні «Вайна і мір», ні «Дама з сабачкам». Я таму і вітаю публікацыю Мікалая Янкойця, што ён ставіць пытанне не аб «імперскай сутнасці рускай літаратуры» (гэта глупства — тады і англійская літаратура, і французская, і бельгійская з японскай павінны даваць справаздачу за імперскую сутнасць). Янкойць кажа пра іншае.

У савецкай школе панаваў метад ідэйна-тэматычнага аналізу літаратурнага тэксту.

«Цёмнае царства», «абломаўшчына», «лішнія людзі», «свінцовыя брыдоты жыцця» і «горад жоўтага д'ябла» — штампы, якія былі вельмі зручныя для выхавання змагароў з сусветным імперыялізмам. Была адна праграма, адны тэксты, адна гісторыя літаратуры, будаваная ў адпаведнасці з артыкуламі Леніна «Памяці Герцэна», «Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура» і «Леў Талстой як люстэрка рускай рэвалюцыі».

Альтэрнатыва не абмяркоўвалася. І з сусветнай літаратуры адбіралася тое, што, у нейкай меры, усе гэтыя штампы і догмы магло ілюстраваць.

Адсюль «Мешчанін у дваранстве» і «Габсек» (што выкрываў буржуазію), «Паломніцтва Чайлд-Гарольда» (пратэст супраць сучаснасці) і «Ваніна Ваніні» (вобраз рэвалюцыянера). У сярэдніх класах - «Авадзень» (ну, з гэтым усё зразумела).

І толькі ў пятым класе на хвіліну з'яўляліся фрагменты з «Адысеі» і «Дон-Кіхота». І ўсё! На Шэкспіры і Гётэ канцэпцыя давала збой, але іх таксама не маглі абыйсці, таму іх выкладалі ў канцы навучальнага года, калі і настаўнікам, і вучням было ўжо не да такіх складаных тэкстаў.

Так было ў той час, калі вучылі мяне і вучыўся я.

Цяпер сітуацыя, як я разумею, яшчэ горш, бо колькасць гадзін на выкладанне літаратуры катастрафічна зменшылася.

Сапраўды, пара перагледзець канцэпцыю.

Калі мы сыходзім ад ленінскай (і сталінскай) канцэпцыі, пара адказаць на пытанне: якая мэта выкладання літаратуры ў сярэдняй школе?

Магу прапанаваць свой адказ.

У пачатковай школе мы павінны навучыць дзіця чытаць і разумець прачытанае на ўзроўні фабулы (гісторыі, расказанай ў тэксце) і ладу.

У сярэдніх звёнах мы павінны выпрацаваць у падлетка звычку чытаць і атрымліваць ад прачытанага задавальненне.

У старэйшых класах і каледжах мы павінны навучыць школьніка аналізаваць прачытанае (даць інструментар аналізу літаратурнага тэксту) і рабіць з яго самастойныя высновы.

Неабходнасць першай стадыі літаратурнай адукацыі зразумелая нават Міністэрству фінансаў Рэспублікі Беларусь,што пастаянна змагаецца за эканомію бюджэтных грошай. Без гэтай стадыі чалавек не зможа наогул атрымліваць інфармацыю і выразна выкладаць свае думкі. І тут абыякава, якія тэксты чытае дзіця. Зразумела, што будзе чытаць вершы, лёгкія апавяданні і казкі. І тут знойдуць сабе месца і Змітрок Бядуля з Міхасём Лыньковым, і Міхаіл Прышвин з Віталём Біянкі, і Ханс Крысціян Андэрсан з Шарлем Перо - гэтыя, праўда, у адаптаваным варыянце.

Другая стадыя — выхаванне чалавека, які ўмее займацца самавыхаваннем і самаадукацыяй. Падлетак павінен зразумець, што чытаць - гэта ў кайф, гэта ў задавальненне. І тут героем урока павінен стаць літаратурны сюжэт.

Не трэба прымушаць няшчаснае дзіця зубрыць «Скажи-ка, дядя, ведь не даром» не з-за нібыта імперскіх поглядаў Лермантава. А проста таму, што яму гэта не цікава. Ён у гэтым звяне школы павінен прайсці шлях ад казкі праз дэтэктыў і фантастыку да сюжэтнай псіхалагічнай прозы. І хай нават казка будзе напісана немцам Гофманам, дэтэктыў - англічанінам Чэстэртанам, фантастыка - французам Экзюперы, а псіхалагічную прозу прадставіць сентыментальная аповесць Траепольскага «Белы Бім Чорнае вуха» — абы не «Муму», якая ўжо год восемдзесят ніякіх эмоцый, акрамя нянавісці, нават у мяне не ўзбуджае.

А вось у старэйшых класах юнакоў і дзяўчат трэба вучыць аналізу. Менавіта тут патрэбныя высокія ўзоры сусветнай літаратуры.

Ім трэба растлумачыць, як устроены трагедыя і камедыя, што такое - раман, чаму існуюць «вечныя вобразы». Вось тут кожны школьны настаўнік павінен атрымаць магчымасць выбраць з некаторага ліку сусветных аўтараў. Паверце, «Вайну і мір» і «Злачынства і пакаранне» усё роўна добры настаўнік у праграме пакіне — побач з Шэкспірам і Шылерам, Стэндалем і Сянкевічам. Гэтыя тэксты даюць цудоўны матэрыял для сур'ёзных разважанняў хлопцаў, што дарослеюць. Галоўнае - не прымушаць іх завучваць тыя штампы, якія зафіксаваныя ў старых савецкіх падручніках.

Цяпер праблема яшчэ і ў іншым. У колькасці гадзін на гуманітарную падрыхтоўку. Іх значна менш. Адсюль памяншаецца і аб'ём выкладання літаратуры. Гэта вельмі дрэнна. Таму што дзяржаве ў яе цяперашнім ідэалагічным выглядзе чытачы «Злачынства і пакарання» і «Хаджы-Мурата» гэтак жа небяспечныя, як чытачы «Дзядоў» і «Каласоў пад сярпом тваім». І чытачы «Чырвонага і чорнага», «451 градуса па Фарэнгейце» і «Дон-Кіхота» ўспрымаюцца ім як ворагі, з якімі трэба змагацца. У гэтым - праблема.

Але ж толькі чытачы разумеюць, што яны абараняюць не тэрыторыю, у цэнтры якой стаіць халадзільнік з прадуктамі, а - Радзіму і любімых людзей. Толькі яны здольныя вытрываць голад - дзеля будучыні.

Аляксандр Фядута, кандыдат філалагічных навук, пушкініст

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0