Дырэктарка-распарадчыца Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Крысціна Лягард падчас абмеркавання магчымых крэдытаў рэкамендавала Аляксандру Лукашэнку «пераарыентаваць палітыку» краіны, паведаміла ў нядзелю прэс-служба МВФ.

Як удакладнілі ў МВФ, Лягард прывітала «некаторы прагрэс», дасягнуты ў апошні час ва ўмацаванні рамачнай палітыкі ў Беларусі, але падкрэсліла, што для аднаўлення стабільнасці і паступальнага росту неабходная «больш глыбокая пераарыентацыя палітыкі, што ўвесь час падтрымліваецца на самым высокім узроўні».

Лукашэнка, са свайго боку, падзякаваў кіраўніцтву МВФ за паспяховую рэалізацыю праграмы «стэнд-бай» у 2009—2010 гадах, паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі. Гэтая праграма дазволіла змякчыць негатыўныя наступствы вонкавага эканамічнага крызісу.

Лягард і Лукашэнка сустрэліся 26 верасня ў Нью-Ёрку ў рамках Генеральнай асамблеі ААН, каб абмеркаваць магчымасць новага крэдыту МВФ нашай краіне. Беларусь разлічвае прыцягнуць крэдыт да $3 млрд ад МВФ.

У жніўні старшыня праўлення Нацбанка рэспублікі Павел Калаўр заявіў, што сума магчымага крэдыту МВФ у памеры $2—3 млрд найбольш прымальная для вырашэння праблем з плацежным балансам Беларусі.

Са студзеня 2009 года па красавік 2010 года Беларусь рэалізавала праграму «стэнд-бай», падтрыманую крэдытам МВФ на $3,5 млрд. У сакавіку 2015 краіна завяршыла пагашэнне гэтага крэдыту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0