Наведвальнікі разлічваліся карткамі ў кафэ на адной з аўтазаправак Гродна і нават не падазравалі, што іх ПІН-код падглядаюць, а інфармацыю з картак капіююць, каб затым зняць з іх мільёны рублёў.
24-гадовы бармэн дзейнічаў у звязку са сваім старэйшым прыяцелем. Механізм дакладна адпрацавалі. Работнік кафэ браў у наведвальніка пластыкавую картку. Праводзіў ёю па тэрмінале, каб аплаціць куплю. Прапаноўваў кліенту ўвесці ПІН-код і сачыў, якія лічбы ён набірае. Адначасова незаўважна для кліента праводзіў карткай другі раз па кішэнным карт-рыдары памерам крыху больш за запальніцу. Рэквізіты рахунка заставаліся ў памяці гэтай прылады, якая дазваляла захоўваць звесткі пра сотні картак адначасова. Кліент сыходзіў, нічога не западозрыўшы. А пазней да яго карткі рабілі дублікат і здымалі з яе дапамогай у банкаматах грошы, распавёў «Вячэрняму Гродна» начальнік АРЗСВТ УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Чарняк.
Сябры дзейнічалі менш за месяц. У сакавіку-красавіку гэтага года яны паспелі скапіяваць інфармацыю з 18 картак, зрабіць копіі да 16 з іх і выкрасці больш за 50 мільёнаў рублёў. Інфармацыю, счытаную з адной з картак, прадалі праз інтэрнэт у ЗША. Вядома, што нехта спрабаваў аплаціць куплю ў 176,43 даляра ў гіпермаркеце горада Малдэна. Аднак транзакцыя не прайшла. Яшчэ некалькім падманутым гродзенцам пашанцавала захаваць свае грошы дзякуючы таму, што змоўшчыкі няправільна запісалі ПІН-код. Некаторыя пацярпелыя здагадаліся пра афёру, калі праз СМС-банкінг атрымалі паведамленне аб знятых мільёнах. Яны адразу ж звярнуліся ў банк і заблакавалі сваю карту. Пазней, калі задуму бармэна раскрылі, усе карткі, якія прайшлі праз тэрмінал у злашчасным кафэ, для бяспекі аўтаматычна заблакавалі, дадаў начальнік УУС АРЗСВТ УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Чарняк..
Усе выкрадзеныя грошы хлопцы паспелі растраціць. Зараз заведзена 11 крымінальных спраў па ч. 3 арт. 212 КК Беларусі («Крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі», санкцыі яе прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў), а таксама ч. 2 арт. 349 КК Беларусі («Несанкцыянаваны доступ да камп'юрнай інфармацыі»), арт. 352 КК Беларусі («Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй») і ч. 2 арт. 343 КК Беларусі («Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў»). Крымінальная справа разглядаецца ў судзе. Вядома, што бармэн быў раней судзімы за крадзеж, адзначыў Сяргей Чарняк.