УСК па Брэсцкай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы аб наездзе аўтамабіля на турыстычны намёт, у выніку якога загінула дзяўчына, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Падчас следства ўстаноўлена, што 25 ліпеня, каля 6 гадзіны раніцы, на беразе вадаёма каля в. Амневічы Баранавіцкага раёна аўтамабілем «Вольва S40» быў учынены наезд на турыстычны намёт. У ёй у той момант знаходзілася 21-гадовая ўраджэнка Ганцавічаў, якая ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памерла на месцы.

Па дадзеным факце Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта завёў у дачыненні да 26-гадовага кіроўцы крымінальную справу па ч. 4 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) Крымінальнага кодэкса. Да яго ўжылі меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту і прад'явілі абвінавачванне. Далейшую вытворчасць папярэдняга расследавання ажыццяўляла УСК па Брэсцкай вобласці.

Паводле дадзеных папярэдняга расследавання, напярэдадні кампанія маладых людзей вырашыла адпачыць на тэрыторыі рэкультыванага кар'ера.

Падследны, які працаваў кіроўцам-экспедытарам у адным з прыватных гандлёвых прадпрыемстваў, прыехаў туды разам са сваёй жонкай. Загінулая з'яўлялася дзяўчынай яго стрыечнага брата. Абвінавачаны асабіста дапамагаў ім ставіць намёт для начлегу. Затым, на працягу ночы ўсе мужчыны за сталом пілі.

Калі развіднела, да іх падышлі дзяўчаты.

У гэты час падследны вырашыў пераставіць свой транспартны сродак бліжэй да выезду з возера. Пры гэтым ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення і ўсю ноч не спаў. Праведзены агляд выявіў у яго крыві канцэнтрацыю этылавага спірту ў колькасці 1,6 праміле.

З яго слоў, з прычыны затарможанасці стану ён не змог правільна ацаніць дарожную абстаноўку. Пачаўшы рух у кірунку натуральнага ўздыму, ён моцна націснуў на педаль газу. У выніку гэтага на значнай хуткасці ён пераехаў вогнішча і перадам ажыццявіў наезд на турыстычны намёт. Праехаўшы яшчэ 27 метраў, ён спыніўся.

Абвінавачаны, як вынікае з паказанняў, не звярнуў увагу, што ля стала знаходзіліся не ўсе. Таксама ён не думаў, што пацярпелая ў момант наезду знаходзілася ў намёце.

У зробленым сваю віну падследны цалкам прызнаў. Матэрыялы крымінальнай справы накіраваныя ў суд для разгляду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?