Раённы суд Чалябінска прысудзіў мясцовага блогера і антываеннага актывіста Канстанціна Жарынава да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за рэпост звароту забароненай у Расіі арганізацыі «Правы сектар».

Увесну 2014 года Жарынаў размясціў у сацыяльнай сетцы «Укантакце» зварот украінскай арганізацыі да расейцаў.

Справа супраць Жарынава была распачатая рэгіянальным упраўленнем ФСБ па артыкуле «публічныя заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці».

Сам Жарынаў тлумачыў, што для яго, як палітолага і аўтара кніг пра гісторыю тэрарызму, паведамленне «Правага сектара» было цікавае ў прафесійным аспекце. «Пра нейкі заклік да незаконных дзеянняў у мяне і думак не было», — казаў ён.

У ходзе судовых спрэчак пракурор прасіў прысудзіць Жарынава да трох гадоў пазбаўлення волі з ужываннем акта амністыі. Суд даў падсуднаму на год менш, чым прасіў пракурор, і вызваліў Жаранава ад пакарання ў сувязі з амністыяй з нагоды 70-годдзя Перамогі.

«Правы сектар» прызнаны ў Расіі экстрэмісцкай арганізацыяй, яе дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?