Былы прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч так пракамэнтаваў чарговае абвастрэньне ў беларуска-амэрыканскіх адносінах:

— Новы віток абвастрэньняў адносінаў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі прадказаць было нескладана. У гэтага канфлікту даўняя гісторыя. І ён нарастаў з году ў год, бы сьнежны ком. Мы, на жаль, ня здолелі мець карысьць для сябе з візыту ў Менск Біла Клінтана, які адбыўся ў 1994 г. Я быў непасрэдным удзельнікам тых помных падзеяў і з поўнай адказнасьцю заяўляю: было ўзаемапаразуменьне, была гатоўнасьць абодвух бакоў разьвіваць узаемавыгоднае супрацоўніцтва.

Далейшае нагнятаньне жарсьцяў можа мець вельмі сур’ёзныя наступствы. Калі да амэрыканскіх санкцыяў далучыцца Эўрасаюз, а гэта цалкам рэальна, беларуская эканоміка апынецца ў вельмі цяжкім становішчы. Ведаючы настроі ў Маскве, магу прадказаць, што Расея ў гэтай канфрантацыі, хутчэй за ўсё, зойме пазыцыю, блізкую да нэўтральнай. На рашаючым этапе ўступленьня ў СГА ёй зусім недарэчы псаваць адносіны з Захадам. Тое, што Дзьмітры Мядзьведзеў схільны свой першы афіцыйны візыт у якасьці прэзыдэнта мець у Беларусь, не павінна спараджаць ілюзіяў.

У маю бытнасьць прэм’ер-міністрам мы намагаліся на першы план у ўзаемаадносінах з усімі дзяржавамі ставіць пазытыў; шукалі тое, што нас яднае, зыходзячы з таго, што кепскі мір заўсёды лепшы за добрую зваду. Мо варта вярнуцца да гэтай, праверанай стагодзьдзямі формуле?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?