«Без каментароў» — ужо месяц чуеш па тэлефоне ад прэс-сакратара Мінабароны Беларусі, калі пытаеш яго пра планы Расіі размясціць у нас у краіне авіябазу. 

Пачалося гэта 2 верасня. Урад Расіі вырашыў накіраваць праект пагаднення пра авіябазу на подпіс Уладзіміру Пуціну. І абвясціў пра гэта. Праз дзень абвясціў, што пагадненне ўхвалена і пайшло прэзідэнту. Яшчэ праз некалькі дзён апублікавалі яго праект, па словах яго складальнікаў, «папярэдне прапрацаваны» з Мінскам. Затым новае паведамленне — Пуцін праект зацвердзіў і накіраваў яго ў сваё Мінабароны, каб весці перамовы з беларускімі калегамі. Навошта, пытаецца, столькі шуму, калі яшчэ нават перамовы не завершаны, а можа быць — і не пачаты?

На днях яшчэ адна навіна: расійская «Независимая газета» са слоў неназваных крыніц піша, што пагадненне амаль гатова, падпішуць у бліжэйшы час, авіябаза з'явіцца ў Бабруйску ўжо са студзеня 2016 года.

Можа быць, гэтая чарада паведамленняў да завяршэння перамоў — чыстая выпадковасць, а не спроба націснуць на Аляксандра Лукашэнку напярэдадні выбараў і ў вельмі, скажам мякка, ўразлівы эканамічны момант. Можа быць, і нядаўнія словы пасла РФ аб новым магчымым крэдыце для Беларусі і праве пакідаць у сваім бюджэце нафтапошліны з гэтым таксама ніяк не звязаныя.

Пакінем тактыку вядзення перамоў на сумленні партнёраў. Артыкул не пра гэта. Ён нават і не пра Канстытуцыю, якая ставіць нашай мэтай — дзяржаўны нейтралітэт. Артыкул аб трох вельмі прызямлёных палітычных меркаваннях, трох прычынах, чаму расійская авіябаза незалежнай Беларусі не патрэбна.

Прычына 1. Беларусь — не Расія

Гучыць банальна, ці не праўда? Паспрабую растлумачыць. Справа ў тым, што самы галоўны тэзіс прыхільнікаў размяшчэння расійскай авіябазы — яна абароніць нас ад злобнага НАТА, што лязгае сваімі зубамі і ракетамі ля нашых межаў.

У прынцыпе, і далёкаму ад абароннай палітыкі чалавеку зразумела, што ўзмацненне ваеннай інфраструктуры НАТА ў Германіі, Польшчы і краінах Балтыі — акцыя стрымлівання, па сутнасці, накіраваная супраць Расіі. Актывізаваліся гэтыя намаганні ў сувязі з Украінай, гэта таксама ніхто не адмаўляе. Можна ў думках займаць чыю заўгодна пазіцыю ў новай халоднай вайне Захаду і Расіі, але няма ніякіх разумных падстаў лічыць гэта нашай вайной.

Расія не раілася з Беларуссю, калі забірала Крым, не раілася, калі падтрымлівала сепаратызм ва Украіне, не раілася, калі ўвяла прадуктовае эмбарга, прад'явіўшы да нас прэтэнзіі, што мы, маўляў, не вельмі ахвотна фільтруем санкцыёнку. Балазе, у апошнім выпадку беларускае кіраўніцтва выразна заявіла, што не будзе далучацца да антызаходніх прадуктовых санкцый.

Прычым, матывацыя была цалкам прагматычнай — нам, краіне гэта не выгадна. Было б лагічна кіравацца інтарэсамі нашай выгады і ў не менш важных, чым прадукты, пытаннях бяспекі.

Прыхільнікі размяшчэння базы скажуць: «Але гэта выгадна і нам, бо НАТА пагражае і Беларусі». Калі выключыць ў галаве савецкія страшылкі, то наўрад ці гэта так. Сама па сабе Беларусь ніякай пагрозы для Захаду не ўяўляе, і не мусіць ёй станавіцца. Хутчэй, менавіта расійская авіябаза ў Бабруйску стане мішэнню для НАТА. Мы трапляем у зачараванае кола: ратуючыся ад міфічнай пагрозы Захаду ператвараем яе ў рэальную.

Хочацца спытаць у прыхільнікаў уступлення Беларусі ў новую халодную вайну на адным з бакоў: калі вы так крытыкуеце Польшчу і Літву за тое, што яны «прагнулася» і «сталі марыянеткамі Вашынгтона», навошта нам ісці па такім жа шляху? Або як у савецкім жарце пра «нашага разведчыка» і «іхняга шпіёна», Польшча і Літва — «васалы і сатэліты, якія скачуць пад заакіянскую дудку», а мы «выконваем саюзніцкі абавязак»?

Час, нарэшце, на 25-м годзе незалежнасці ўсвядоміць, што ў Беларусі могуць быць свае інтарэсы. Якія не заўсёды супадаюць з інтарэсамі суседзяў, нават вельмі блізкіх і родных.

Прычына 2. Галаўны боль на дзесяцігоддзі

Як паказвае практыка, вайсковую базу лёгка размясціць. Цяжэй яе папрасіць вярнуцца на радзіму.

У апублікаваным расійскім праекце пагаднення апушчаны некаторыя ключавыя яго пункты. У чарнавіку дакумента няма інфармацыі аб тым, калі і дзе плануецца размясціць базу, колькі і якіх на ёй будзе самалётаў, якая будзе колькасць ваеннага і цывільнага персаналу. Гэта яшчэ адно ўскоснае сведчанне, што перамовы яшчэ і блізка не завершаны, бо ў пераліку неабумоўленыя — самыя прынцыповыя пункты, якія звычайна і становяцца прадметам рознагалоссяў.

Але адзін прынцыповы пункт у праекце ўсё ж паказаны — тэрмін размяшчэння базы: 15 гадоў з аўтаматычным падаўжэннем затым кожныя пяць гадоў. Калі пагадненне будзе падпісана ў бліжэйшыя месяцы, расійская авіябаза стане ў Беларусі мінімум да 2030 года. І тое, калі потым хопіць смеласці папрасіць не працягваць дамову.

Пакінуўшы ў баку эмоцыі, уявім на секунду, наколькі свабоднай будзе беларуская дыпламатыя ў выбары сяброў? Калі праз 10-15 гадоў беларускае грамадства будзе хацець інтэграцыі з ЕС, ці не прымусіць полк (а то і некалькі палкоў) расійскіх знішчальнікаў тагачасную беларускую ўладу думаць пра нешта другое, а не пра волю народа?

Вельмі не хочацца праводзіць паралель з Крымам, сітуацыя цалкам не тая і наўрад ці калісьці будзе той. Але незалежна ад нашых сімпатый у спрэчцы Кіева і Масквы крымская гісторыя стала вельмі важным прэцэдэнтам. Цяпер ні ў каго няма сумневаў, што расійскае кіраўніцтва гатовае выкарыстоўваць вайсковую базу ў якасці, скажам ветліва, плацдарма для аператыўнага вырашэння замежнапалітычных задач.

Узнікае пытанне: ці патрэбны суверэннай краіне ў цэнтры Еўропы такі «блакатар» любога дыпламатычнага манеўру на дзесяцігоддзі наперад?

Прычына 3. Паўтара года намаганняў дарэмна

Мабыць, першы раз за дваццаць гадоў вербальнага супрацьстаяння ўлады і апазіцыі, апошняя пагадзілася, што лінія паводзінаў афіцыйнага Мінска ва ўкраінскім крызісе — адзіна верная.

Велізарных намаганняў беларускай дыпламатыі каштавала вытрымаць максімальна магчымую ступень нейтралітэту ў канфлікце Украіны і Расіі. Абцякальныя фармулёўкі па Крыме, непрызнанне мяцежных рэспублік Данбаса, словы пра сяброўства з усімі і светам.

У выніку, адносіны з Масквой і Кіевам не папсавалі, Беларусь стала адзінай краінай на кантыненце, дзе бакі (уключаючы самаабвешчаныя ДНР і ЛНР) змаглі рэгулярна сустракацца, Мінск стаў сінонімам мірнага працэсу. Без перабольшання, гэта станоўча адбілася на рэпутацыі Беларусі, надало імпульс пацяплення адносін з Захадам.

Нечакана Мінск, які раней ніяк інакш, акрамя «а гэта дзе, у Расіі?», за мяжой і не ўспрымаўся, змог паказаць, што ў яго ёсць уласныя інтарэсы.

А цяпер дазвольце некалькі рытарычных пытанняў. Як на гэтым іміджы адаб'ецца размяшчэнне расійскай авіябазы? Ці так ахвотна паедуць сюды перагаворшчыкі з Украіны, краіны, якая лічыць Расію агрэсарам? Ці паверыць паўднёвая суседка нашым запэўненнях аб тым, што з беларускай тэрыторыі Украіне нічога не пагражае? Чым мы будзем у вачах заходніх партнераў: нейтральнай міратворчай пляцоўкай або расійскім плацдармам ў новай гонцы ўзбраенняў?

* * *

Каманда ідэолагаў у штабе Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2015 знайшла арыгінальны паліттэхналягічны ход. На двары крызіс, і замест звыклых «За росквіт і стабільнасць», на плакатах з'явіўся лозунг «За будучыню незалежнай Беларусі». Тут і погляд наперад, і пераключэнне ўвагі з унутраных праблем на вонкавыя заваёвы.

Наўрад ці аўтары гэтага лёзунгу пры яго распрацоўцы меркавалі, што пад самыя выбары лёс падкіне магчымасць праверыць, наколькі ўлада сапраўды гатовая прытрымлівацца свайго новага крэда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?