27 верасня на дзённым прадстаўленні ў мінскім цырку адбылося надзвычайнае здарэнне. Падчас выканання трука акрабатка не ўтрымалася на адмысловай апоры і звалілася ўніз з вышыні прыкладна 5 метраў. На вачах публікі дзяўчыну без прытомнасці панеслі з арэны.
Мінчанка Таццяна Т. звярнулася ў рэдакцыю, каб даведацца пра стан пацярпелай артысткі. Чытач была сведкай здарэння:
«Прыкладна праз паўгадзіны пасля пачатку прадстаўлення быў нумар на арэлях, дзе дзяўчына становіцца на адзін бок, а мужчына скача на другую палову — і акрабатка ўзлятае ўверх. Пасля гэтага, мабыць, яна павінна была прызямліцца ў спецыяльнае крэсла на высокім шасце. І быццам дзяўчына села, але, як я зразумела, нешта зламалася ў самой падпоры — і акрабатка паляцела з вышыні ўніз, прыкладна з 5 метраў. Яна так і не ўстала, не рухалася і была без прытомнасці, яе літаральна праз хвіліну забралі на насілках. Гэта было вельмі страшнае відовішча», — распавяла Таццяна Т.
Іншыя гледачы шоу, таксама занепакоеныя здарэннем, цікавіліся здароўем пацярпелай у сацыяльных сетках.
Неўзабаве адміністрацыя Белдзяржцырка паведаміла ў сваёй афіцыйнай групе ў сетцы «Вконтакте», што дзяўчына ўжо ідзе на папраўку:
«У Насці ўдары і лёгкае страсенне мозгу. Ад шпіталізацыі адмовілася, цяпер знаходзіцца дома. Насця, хутчэйшага выздараўлення!».
Гэта ж пацвердзілі па тэлефоне і ў самім цырку, удакладніўшы, што, на шчасце, усё абышлося без сур'ёзных траўмаў.