2 і 3 кастрычніка ў кавярні Камарова village сыграюць блюз/блюз-рокавыя і фолкавыя гурты з «Крамай» і «Палацам» на чале.

Канцэртны дзень 2 кастрычніка Oktoberfest у Камарова адкрые Bluesville Station, які выступіць у пашыраным складзе: да дуэту Юрася Ускова (вакал, гітара) і Віталя Шышпаронка далучацца сябры з блюз-рокавага гурта Cross B Band, аднаго з важнейшых праектаў беларускай блюзавай сцэны апошняга 10-годдзя. Таксама ў якасці другога гітарыста, да Station далучыцца легендарны Сяргей Скрыпнічэнка – лідар гурта Zygimont Vaza. Разам музыкі выканаюць гадзінны сэт блюзавай класікі – ад чыкагскіх стандартаў да тэхаскага блюза. Адмысловую праграму рыхтуюць і «П’яныя госці» – акустычны праект Аляксандра Памідорава і гітарыста Дзяніса Балахонава. Яны будуць граць як свае блюзавыя творы, так і класіку блюзу ды рок-н-ролу. Завершыць блюзавы дзень гадзінным сэтам гурт «Крама». Ігар Варашкевіч абяцае зрабіць ухіл на хіты гурта «пітной тэматыкі».

Фольк-суботу 3 кастрычніка распачне праект Піта Паўлава – Paparać, які рэдка выступае ў Мінску і ваколіцах, але актыўна канцэртуе па Беларусі. У капэле Піта грае нязменны бубнач N.R.M. Алезіс Дземідовіч, вядомы беларускі музыка і гісторык Яраш Малішэўскі ды цымбалістка Алеся Шагун. Гурт «Рокаш» прадставіць на Oktoberfest сваю «кастрычніцкую» праграму, куды сярод іншага ўвойдуць і прэм’еры. Скончыць вечар выступ гурту «Палац» з найлепшымі песнямі. Алег Хаменка зазначае, што праграма будзе збудаваная такім чынам, каб пад спевы было зручней грукаць куфлямі – музыкі падбяруць свае самыя вясёлыя і пазітыўныя песні.

Прыязджаць у Камарова (5 км. ад МКАД па Слуцкай шашы) можна на ўласным транспарце – схема праезда. Таксама для гледачоў арганізаваныя бясплатныя маршрутныя таксі д/с Дружная-Камарова, Камарова – д/с Дружная з 16.00 да 0.00. Расклад руху можна паглядзець у афіцыйных суполках УКантакце і Facebook

Квіткі можна набыць праз Kvitki.by: папярэдні кошт 200 000 руб. (з улікам камісіі аператара), на ўваходзе – 250 000 руб. Даступныя таксама абанемэнты для тых, хто хоча наведаць адразу тры канцэрты, запланаваныя да 10 кастрычніка – выходзіць танней. Інфалінія: +375 29 676-81-95. Браніраванне столікаў на канцэрт – +375 44 538-89-88.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?